Былы кіраўнік Азербайджана «Белсату»: Канфлікт у Карабаху гэта «падатак на незалежнасць»

Канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам не спыняюць, а кіруюць ім, так лічыць былы кіраўнік Азербайджана Іса Гамбар. У 1992-1993 гг. ён выконваў абавязкі прэзідэнта. Затым кіраваў апазіцыйнай партыяй «Мусават» («Роўнасць»). Цяпер палітык кіруе Нацыянальным цэнтрам стратэгічнага мыслення. Хто стварае канфлікты ў дзяржавах былога СССР? Хто з армянаў у 90-ыя спрабаваў вырашыць спрэчку з Баку і хто гэтаму перашкодзіў? Якое значэнне Нікола Пашыньяна? Якія ролі Расеі і Турцыі ў канфлікце? У «Прасвеце» мы пачынаем серыю матэрыялаў пра карабахскі канфлікт, інтэрв’ю з армянскімі і азербайджанскімі інтэлектуаламі.

Пра супадзенне пратэстаў у Беларусі і абвастрэння канфлікту ў Нагорным Карабаху

Палітыкі прывыклі казаць, што нічога выпадковага не бывае. Я думаю, што супадзенні выпадковыя, але падзеі не выпадковыя. Народныя пратэсты супраць татальнай фальсіфікацыі выбараў у Беларусі – натуральная з’ява. Гэта адказ беларускага народу не толькі на цяперашнія фальсіфікацыі, але і ў цэлым амаль на трыццацігадовае панаванне аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Сапраўды, узнікненне чарговага этапу ваеннага супрацьстаяння ў Азербайджане таксама невыпадковае. Гэта вынік таго, што ўжо каля 30 гадоў значная частка тэрыторыі Азербайджану застаецца пад акупацыяй Арменіі. Прыкладна 26 гадоў працягваюцца безвыніковыя – так званыя мірныя – перамовы. Большасць азербайджанскага народу ўважліва сачыла і сочыць за падзеямі ўБеларусі. Мы жадаем вашаму народу поспеху і перамогі над рэжымам.

Пра сэнс канфлікту ў Нагорным Карабаху – чаму два народы, якія жывуць побач, не могуць яго спыніць

Там, дзе канфлікт, узнікненне ваеннага супрацьстаяння практычна непазбежнае. Ува ўсіх сурʼёзных канфліктах існуе ваеннае супрацьстаянне. Азербайджанцы ўпэўненыя, што Карабах заўсёды быў часткай Азербайджану. Падчас Савецкай імперыі Масква спрабавала адабраць і перадаць гэтую тэрыторыю Арменіі, але рашэнне бальшавікоў было за тым, каб пакінуць Нагорны Карабах Азербайджану. Да Савецкай імперыі Карабах быў часткай Азербайджану. Пасля дасягнення незалежнасці Азербайджану і іншых савецкіх рэспублік Арменія пачала ўзброены канфлікт у Карабаху. З дапамогай Масквы Арменія завалодала значнай часткай Азербайджану. Гаворка ідзе не толькі прасам Карабах. Шмат якія замежныя назіральнікі забываюць пра тое, што Арменія захапіла значныя тэрыторыі сямі раёнаў вакол Карабаху. На тых тэрыторыях практычна ніколі не жылі армяне. У 1994 г. было заключанае пагадненне аб спыненні агню, 26 гадоў таму была арганізаваная так званая Менская група, якая тут выступае мадэратарам. Але яна не дасягнула ніякіх вынікаў. Шчыра кажучы, міжнародная супольнасць, у тым ліку Менская група АБСЕ, займаецца хутчэй не рашэннем канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам, а кіраваннем гэтым канфліктам.

Кроў у Чорным садзе – за што ваююць Азербайджан і Арменія?

Каму выгадны канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам

З аднаго боку, гэта нацыянальны інтарэс армянскага боку. Яны лічаць, што гэта іх тэрыторыя. Яны са зброяй захапілі гэтую тэрыторыю і не хочуць дасягаць ніякіх кампрамісаў падчас мірных перамоваў. Таму гэта выбар армянскага народу, армянскіх палітыкаў у першую чаргу. Але гэты канфлікт, я лічу, як і шмат якія іншыя, паўстаў у тым ліку ў выніку палітыкі Масквы. Масква спрабуе ствараць такія канфлікты з рознымі дзяржавамі, якія выйшлі з Савецкага Саюзу, каб трымаць гэтыя дзяржавы пад кантролем. Масква стварыла такія канфлікты не толькі на тэрыторыі Азербайджану, але і на тэрыторыі Грузіі, Малдовы і ва Украіне. Гэта палітыка Масквы – ствараць такія канфлікты. Мы звычайна паўжартам называем гэта «падаткам на незалежнасць». Усе гэтыя краіны вялі сур’ёзную барацьбу за незалежнасць, выступалі за развіццё адносінаў з дэмакратычным Захадам, сучаснай сусветнай супольнасцю. Акурат гэтыя краіны траплялі пад уплыў Масквы. Акурат гэтым краінам давялося хоць бы на час адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі.

Пра значэнне Пашыньяна ў канфлікце ў Нагорным Карабаху

Мы лічым, што пры дэмакратычнай уладзе дзвюх дзяржаваў рашэнне канфлікту было б больш паспяховае і магчымае нават без ваеннага супрацьстаяння. Але тут гаворка ідзе не толькі аб Азербайджане, але і аб выбары армянскага боку. Сапраўды, калі 2018 г. у Арменіі адбылася змена ўлады і прыйшоў Пашыньян, у нас была нясмелая надзея на тое, што Арменія паставіцца больш уважліва да магчымасцяў мірнага развязання канфлікту. Тым больш сам Пашыньян да таго, як прыйсці да ўлады, быў больш міралюбным і выступаў з заклікамі спыніць канфлікт. Але пасля ён пачаў весці нават больш агрэсіўную палітыку. Ён выступіў на розных тэлеканалах Масквы і заявіў, што Карабах – гэта Арменія. Пасля такіх заяваў не застаецца ніякіх падставаў для мірных перамоваў. Ён як быццам спецыяльна абражаў чаканні і пачуцці азербайджанцаў. І працягвае да гэтага часу. Ён нават адмовіўся ад гэтага імітацыйнага працэсу мірных перамоваў.

На днях пасля пачатку ваенных сутыкненняў Пашыньян, выступаючы ў парламенце, сказаў дэпутатам, што вельмі проста цяпер можна завяршыць вайну. Калі мы пагодзімся на існаванне Нагорнага Карабаху ў якасці аўтаномнай вобласці ў складзе Азербайджану, вайна ў той жа момант спыніцца. Гэта значыць, Пашыньян сам упэўнены, што калі яны адмовяцца ад агрэсіі, ад акупацыі азербайджанскіх тэрыторыяў і максімалісцкіх патрабаванняў, праблема будзе развязаная без якіх-небудзь ускладненняў для жыцця і бяспекі ўсяго насельніцтва Азербайджану, у тым ліку армянскага насельніцтва. У Азербайджане ніхто не мае прэтэнзіяў да армянскага насельніцтва. Мы іх лічым такімі ж грамадзянамі Азербайджану.

Пра армянаў у Азербайджане

У Азербайджане няма сур’ёзных міжнацыянальных праблемаў. Самі армяне нармальна жылі і працавалі ў Азербайджане таксама, як і іншыя нацыянальныя меншасці. У Азербайджане жывуць дзясяткі розных нацыянальнасцяў. Курды, лезгіны, габрэі, расейцы ніколі не адчувалі сур’ёзных праблемаў, звязаных з нацыянальнай ідэнтычнасцю. З іншага боку ў самой Арменіі практычна няма нейкіх нацыянальных меншасцяў. Яны за гэтыя гады выбудавалі монанацыянальную дзяржаву.

Расея і Турцыя ў Карабаху. Перадзел сфер уплыву?

Аб пазіцыі Турцыі ў канфлікце

Турэцкі і азербайджанскі народы вельмі блізкія. Турцыя займае ў гэтых пытаннях аб’ектыўную пазіцыю. Лепш спытаць не Турцыю, чаму падтрымлівае Азербайджан, а чаму Рада бяспекі ААН не падтрымлівае справядлівасці, міжнародных нормаў і прынцыпаў. На днях разам з іншымі міжнароднымі арганізацыямі Рада бяспекі прыняла рэзалюцыю, у якой заклікае Арменію і Азербайджан прыпыніць узброенае сутыкненне і вярнуцца да перамоваў. Нават у гэтым закліку Рада бяспекі забывае пра свае рэзалюцыі. Яшчэ ў 1993 г. Рада бяспекі ААН прыняла чатыры рэзалюцыі аб сітуацыі ў Азербайджане, у якіх адназначна заклікала армянскія ўзброеныя сілы да вываду з тэрыторыі Азербайджану. Сёння Рада бяспекі ААН забывае нават пра свае рэзалюцыі. Натуральна, у гэтай сітуацыі пазіцыя Турцыі здаецца адзіночнай, хоць гэта не зусім так. Блізкую пазіцыю займаюць і Украіна, і некаторыя іншыя краіны таксама, напрыклад, Ізраіль.

Развіццё канфлікту ў бліжэйшыя дні

Я думаю, што ні адзін разважны чалавек не можа жадаць вайны і не можа жадаць доўгатэрміновай ваеннай сітуацыі. Усе мы хочам, каб гэта як мага хутчэй завяршылася. Але гэта залежыць не толькі ад нашага жадання. Я думаю, што пазіцыя Азербайджану ў гэтым пытанні справядлівая. Гаворка ідзе пра тэрыторыю Азербайджану, ваенныя дзеянні ідуць на тэрыторыі Азербайджану. Уся тэрыторыя, на якой ідзе вайна, – гэта тэрыторыя Азербайджану. Цяпер армянскі бок расстрэльвае мірныя гарады і вёскі Азербайджану. Ужо каля двух дзясяткаў мірных грамадзянаў Азербайджану, у тым ліку старыя, дзеці і жанчыны, загінулі ад стральбы армянскага боку. Чым раней Арменія ўсвядоміць бессэнсоўнасць супрацьстаяння і кровапраліцця, чым раней цэнтры, у тым ліку Масква, зменяць свае погляды на сітуацыю, чым раней сусветная супольнасць зойме справядлівую пазіцыю, тым лепш для ўсіх нас.

Гутарыла Аліна Коўшык для праграмы «ПроСвет»

Ці звязаныя рэвалюцыя ў Беларусі з вайной у Карабаху. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Hавiны