Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі: Лукашэнка – частка «русского мира»

Калі б прэзідэнт Беларусі перастаў адпавядаць інтарэсам Расеі – ён хутка мог бы перастаць быць прэзідэнтам, мяркуе былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.

Руслан Шошын: Выглядае, што Менск знайшоў супольную мову з Масквой у нафтавым пытанні. Увесь «геапалітычны разварот» Аляксандра Лукашэнкі скончыўся на гучных папулісцкіх заявах. Вас гэта здзіўляе?

Лешэк Шэрэпка: Такі сцэнар быў прадказальны. Пытаннем было, на якіх варунках яны пагодзяцца. Пакуль мы не ведаем, што канчаткова прапісалі ў дамове аб пастаўках нафты. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыграў Ігар Сечын. «Роснефть» – саўладальнік НПЗ у Мазыры, Сечын – уплывовая асоба ў Маскве, і няма сумневу, што быў нейкі «deal». Лукашэнка выконваў замаскаваныя рухі, а не рэальныя крокі, каб дыверсіфікаваць крыніцы паставак сыравіны. Праўда такая, што нафта з іншых кірункаў яму нявыгадная. Калі ў будучыні такія канфлікты паміж Масквой і Менскам будуць паўтарацца, пазіцыя Лукашэнкі будзе слабець.

У 2012 годзе краіны Еўразвязу адклікалі амбасадараў з Беларусі для кансультацыяў на знак пратэсту супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Лешэк Шэрэпка быў адным з першых, хто пакінуў Менск. Фота: Rymakov Vadim / TASS / Forum

Канфлікт з Масквою вакол нафты і «паглыбленай інтэграцыі» пачаўся яшчэ ў 2018 годзе. Частка палітыкаў на Захадзе лічыла, а можа, надалей лічыць, што Лукашэнка сапраўды прабуе ратаваць незалежнасць і істотна змяняе сваю замежную палітыку. Нават дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа наведаў нядаўна Менск, гэта быў першы візіт дзяржсакратара ЗША ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ці Менску ўдалося выкарыстаць «заходнюю карту» ў спрэчках з Крамлём?

Ён робіць гэта вельмі спрытна і ўжо шмат гадоў. Калі штосьці дрэннага адбываецца ў беларуска-расейскіх стасунках, Менск выцягвае «заходнюю карту» і пагражае, што зменіць вектар інтэграцыі. Людзі, якія ведаюць беларускія рэаліі, выдатна разумеюць, што гэта немагчыма. Амерыка раней пачала ацяпляць стасункі з Беларуссю: перад Пампэа Менск наведаў Болтан (былы дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы), а яшчэ раней былі візіты некалькіх намеснікаў дзяржсакратара. Дарэчы, Пампэа паляцеў не толькі ў Беларусь, але і аб’ехаў некалькі іншых краінаў вакол Расеі – Казахстан, Узбекістан, Украіну. Гэта была спроба арыентацыі на месцы, а некаторыя аналітыкі лічаць гэта спробаю разагрэць даўнюю ініцыятыву ГУАМ, якая аб’ядноўвала некалькі краінаў былога СССР (Грузія, Украіна, Азербайджан, Малдова і да 2005 года Узбекістан), якія выбралі ўласную дарогу развіцця. Я не лічу, што гэтую старую ініцыятыву можна разагрэць, сёння іншы час. Вяртаючыся да Лукашэнкі: ён сапраўды прабаваў гуляць з Масквою кантактамі з Захадам, бо іншых аргументаў ён не мае. Мяне здзівіла тое, як некаторыя заходнія палітыкі дазволілі ўцягнуць сябе ў гэтую гульню без ніякіх канкрэтных крокаў з боку Менску. З Лукашэнкам трэба размаўляць, але трэба ставіць варункі і дамагацца іх выканання, не даваць нічога проста так.

Майк Пампэа і Уладзімір Макей у Менску. Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Вашынгтон прынамсі прабуе зарыентавацца на месцы. Але ці мае Еўразвяз нейкую стратэгію ў дачыненні Беларусі?

Еўразвяз страчвае міжнародны прэстыж, інструменты дзейнасці. Гэта дзіўна, бо ЕЗ мае вялікі патэнцыял і мог бы зрабіць шмат добрых рэчаў. Аднак бачым, што ЕЗ не вельмі хоча рызыкаваць і ўваходзіць у нейкія ўгоды, не вельмі хоча будаваць вакол сябе канкрэтных структураў, якія былі б здольныя да дзейнасці. Еўразвяз аддае поле манеўру іншым гульцам, у першую чаргу Кітаю, ЗША і Расеі. Але калі мы параўнаем патэнцыял Расеі і ЕЗ, то, безумоўна, перавага на баку ЕЗ. Еўразвяз не мае канцэпцыі адносна таго, што рабіць на Усходзе. ЕЗ хоча пазбегнуць канфлікту. Давайце паглядзім, як Еўропа зрэагавала на расейскую агрэсію ва Украіне. Увяла, на маю думку, вельмі лагодныя і сімвалічнымі санкцыі. Супраць Расеі не ўвялі сурʼёзных санкцыяў. Гэта супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям, якія Еўропа прапагандавала цягам гадоў. Былая канцэпцыя «Усходняга партнёрства» ўсцяж існуе, але гэтага мала. У інтарэсах Еўразвязу была б рэалізацыя больш адважнай палітыкі на Усходзе, але на гэта ён не здольны.

14 лютага 2019 года. Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і маршал Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі падчас сустрэчы ў Варшаве. Фота – Белсат

Польшча рызыкавала і пачала ацяпляць стасункі з Масквою некалькі гадоў таму. Але ці ёсць у Варшавы нейкі канкрэтны і прадуманы план дзеянняў у дачыненні Менску, нейкая канцэпцыя?

Я займаюся Беларуссю больш за 20 гадоў. Я яшчэ памятаю, як кіраўніка Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча абвінавацілі ў крадзяжы скрыні цвікоў, і памятаю, як страціў пасаду. Цягам многіх гадоў я вельмі ўважна назіраў за Лукашэнкам. Калі я вярнуўся з Беларусі ў 2015-м, і ў Польшчы змяніліся ўлады, я асцерагаў, каб не станавіцца на старыя граблі. Палітыка ў дачыненні Беларусі мусіць быць паслядоўнай і не залежнай ад палітычнай канʼюнктуры ў Польшчы. Трэба абапірацца на тое, што гэта наш сусед, там вялікая польская меншасць, мы маем супольныя традыцыі. Мы мусім максімальна набліжаць Беларусь да Еўразвязу, быць у ролі адваката, як Польшча робіць у дачыненні Украіны. Аднак бачым, што пасля кожнай змены ўладаў у Польшчы прыходзіць новая кааліцыя і пачынае з Беларуссю зноў аднаўляць стасункі, забываючыся пра палітыку, якую рэалізоўвалі папярэднікі. Такім чынам, мы робім адныя і тыя ж памылкі, няма вынікаў. Мы маем вельмі кароткую памяць, у адрозненне ад Лукашэнкі, які мае доўгую памяць і можа шмат сабе дазволіць. Ён ведае: калі ў Польшчы зменяцца ўлада – Варшава пачне ўсё з чыстага аркуша.

Аляксандр Мілінкевіч: «На гэтых выбарах можа здарыцца тое ж, што ў 2010-м»

Як моцна, на вашую думку, Беларусь сёння залежыць ад усходняга суседа? Ёсць нават меркаванні, што менавіта Лукашэнка – гарант незалежнасці, і ніхто не мог бы абараніць гэтай незалежнасці гэтак спрытна, як ён.

Беларусь вельмі моцна залежная ад Расеі. Скажу больш. Я асабіста ўспрымаю беларуска-расейскія спрэчкі як спрэчкі ў адной сям’і. Менавіта таму гучаць эмацыйныя заявы, і Лукашэнка можа дазволіць у дачыненні Масквы больш за іншых. Сям’я – гэта ўсцяж сям’я.

Лукашэнка – гэта частка «русского мира». Я не маю сумневу адносна таго, што Лукашэнка, калі б перастаў адпавядаць інтарэсам Расеі, хутка мог бы перастаць быць прэзідэнтам.

Калісьці быў такі тэзіс, што кожны дзень незалежнай Беларусі ўзмацняе яе дзяржаўнасць. Спачатку такі тэзіс сапраўды быў актуальны, але сёння гэта ўжо не так. Сёння бачныя вынікі палітыкі Лукашэнкі, які цягам гадоў падразае карані беларускай дзяржаўнасці. Дзяржаўнасць абапіраецца найперш на мове, нацыянальнай свядомасці і гісторыі. У гэтых трох галінах Лукашэнка праводзіў максімальна прарасейскую палітыку. Стратэгічная палітыка Лукашэнкі палягае на сціранні розніцы паміж беларусамі ды расейцамі, і вось гэта рэальная праблема.

Сяргей Чалы: Шантаж Лукашэнкі спрацаваў

Вы кажаце пра «адну сям’ю». Але спрэчкі ў семʼях часам даводзяць да разводаў.

Я лічу, што да такога не дойдзе. Калі прэзідэнтам будзе Аляксандр Лукашэнка, ніякага разводу не будзе. Беларусь сёння вельмі моцна залежыць ад Расеі эканамічна. Больш за тое, Лукашэнка лічыць, што заходняя дэмакратыя для яго ёсць большаю пагрозаю, чым палітыка Масквы. Гэта ягонае асяроддзе, і ён адчувае сябе там як рыба ў вадзе. Еўропы ён баіцца ментальна.

Улетку ў Беларусі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Апазіцыя нават праводзіць праймерыз. Ёсць нейкія шанцы, што прэзідэнтам будзе не Лукашэнка?

Увесь выбарчы працэс застаецца пад поўным кантролем апарату прэзідэнта, выбары – гэта спектакль з распісанымі загадзя ролямі. У гэтай сітуацыі кандыдат ад апазіцыі не мае шанцаў на перамогу. Апазіцыя мусіць выкарыстаць выбары, каб змабілізаваць свае структуры ды прыхільнікаў, а таксама распаўсюджваць сваю праграму развіцця краіны.

Размаўляў Руслан Шошын belsat.eu

Hавiны