Былая жыхарка Бягомля: Грыбнікі бачылі насып, дзе меркавана закапалі аўта Красоўскага


Дар’я жыла ў Бягомлі з бацькамі дваццаць гадоў таму. Яна падзялілася з belsat.eu успамінамі пра жыццё ў мястэчку пасля таго, як стала вядома пра забойства Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара.

Дзяўчына вучылася тады ў мясцовай школе. Паводле яе, у той час (у канцы 90-ых) мясцовыя не ведалі пра забойствы палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, але грыбнікі распавядалі, што ў ваколіцах лесу бачылі вялікі свежы насып, пад якім тэарэтычна можна было закапаць машыну. Усё гэта было на тэрыторыі ці вакол вайсковай базы.

«Аўта ніхто не бачыў, тады не было размовы пра яе [машыну. – Belsat.eu]. Бачылі насып на яміне, туды ж у тыя часы нікога не падпускалі. Аднак усе нашыя жыхары гаварылі пра гэтае пахаванне ў той час», – згадвае Дарʼя.

Гараўскі паказвае фота месца забойства і пахавання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Кадр з рэпартажу DW

У 1999-м вайсковая база яшчэ дзеяла, там праходзілі вучэнні. Прызыўнікі кантактавалі з мясцовымі, прыязджалі на дыскатэкі БТРам, часамі нават канфліктавалі з мясцовымі, распавядае яна.

«Паводзілі яны сябе вельмі свабодна. На базу ж цывільных не дапускалі, там усё было агароджанае. Але хадзілі чуткі, што гэтыя хлопцы нашым распавядалі пра іхны БТР, які праехаўся і расціснуў аўта. Адразу пасля забойстваў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага базу рэзка расфармавалі. Там ужо не праводзілі буйных вучэнняў і колькасць людзей значна зменшылася», – адзначае суразмоўца.

Hавiны
Як выглядае магчымае месца забойства Ганчара ды Красоўскага
2019.12.17 15:03

Дзяўчына звяртае ўвагу, што вакол Бягомля ў радыусе 20 км размешчаныя некалькі буйных аб’ектаў – санаторый «Баравое» (належыць Кіраванню справамі Лукашэнкі), санаторый КДБ «Лясное» і гэтая вайсковая база.

«Жыхары называлі яе «Ляхаўка». Хачу дадаць цікавы факт, шмат хто гаварыў, што ў Бягомлі не адзін бункер, на тэрыторыі санаторыю «Баравое» ёсць таксама. Мясцовыя рабілі ў адным з будынкаў рамонт і бачылі яго – там была ежа, кансервы, мэбля, тэлевізар».

Дарʼя распавяла і пра возера каля санаторыю Лукашэнкі. Дзяўчына кажа, што яно штучнае. Выкладчык ейнага ўніверсітэту распавядаў аднакурснікам пра бетанаванае дно вадаёму. Яшчэ ў савецкі час усю тэрыторыю вакол возера агарадзілі калючым дротам. Пазней часткова дрот знеслі, пакінулі слупкі, а мясцовым дазволілі хадзіць купацца.

Тэрыторыя вакол возера каля санаторыю. Фота гераіні артыкулу

Дзяўчына ўпэўненая, што з медыямі мясцовыя гаварыць пабаяцца.

  • Юрый Гараўскі назваў сябе байцом СОБРу і расказаў, што ў 1999 годзе выкрадаў і ўдзельнічаў у забойстве Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Мужчына назваў былога камандзіра вайсковай часткі 3214 Дзмітрыя Паўлічэнку выканаўцам забойстваў апазіцыянераў.
  • Паўлічэнка спачатку прыгадаў Гараўскага, што той, паводле яго, займаўся вымагальніцтвам і падчас знікнення апазіцыянераў сядзеў за кратамі. Пазней Паўлічэнка сказаў, што не ведае такога байца, пераблытаў яго з кімсьці іншым, і ніхто з калегаў са службы не пазнаў яго на відэа.
Hавiны
Вось фота, дзе Паўлічэнка і Гараўскі разам
2019.12.17 17:01

ДР belsat.eu

Стужка навінаў