Бязлітасны тэлеграм-бунт. Чаму я не буду глядзець «Купалу» ў інтэрнэце

Выкласці нацыянальны кінапраект «Купала» ў сеціва і апраўдаць публікацыю тым, што стваральнікі чакалі дазволу на паказ ад Лукашэнкі, – гэта пакуль што самая недарэчная форма барацьбы з рэжымам. Ды і яна атрымалася бесталковай паўмерай: у агульны доступ трапіла чарнавая версія фільму, з прамежкавым мантажом, а значыць, скажоным сэнсам, без графікі, нармальных гуку і колеру. То бок дыверсія як бы здзейсненая, нехта парушыў закон, хтосьці шмат на сябе ўзяў, але вынікамі гэтых ахвяраў няёмка карыстацца.

7 верасня раніцаю тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» абвясціў «нацыянальную прэм’еру» доўгачаканай стужкі «Купала». Хоць аўтарскімі правамі на карціну не валодае, а афіцыйная прэм’ера – прынамсі, так абвяшчалася – і без таго мела адбыцца да канца года.

Група беларускіх пісьменнікаў у 1936 годзе. Сядзяць: Якуб Колас, Цішка Гартны, Янка Купала, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі; Стаяць: Алесь Ляжневіч, Міхайла Грамыка, Уладзіслаў Галубок, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Алесь Гурло. Толькі Якуб Колас і Янка Купала з гэтай групы не былі арыштаваныя НКУС. Былі расстраляныя камуністычнымі акупантамі ці памерлі ў зняволенні 9 з 12 чалавек на здымку. Фота wikipedia.org

«Хоць», паводле Пруста, – гэта заўсёды схаваныя «таму што». Публікацыя, можа, і незаконная, але найвялікшую радасць, як вядома, прыносіць парушэнне існых забаронаў. Варта было чакаць, што ў нашым цывілізаваным пратэставым руху людзі будуць не толькі разувацца перад тым, як стаць на лаўку, але і красці копіі фільмаў, нават не падчас пракату (што ў нас лічыцца звычайным), а яшчэ да яго.

Галоўнае ў гэтым выпадку – упісаць свае дзеянні ў бунт супраць сістэмы і такім чынам іх абяліць. Маўляў, «Купала» – стварэнне рэжыму, а стварэнні рэжыму толькі такога і заслугоўваюць. Пашырэнне байкоту на адзінкі сферы культуры асабіста для мяне азначае неразуменне спецыфікі гэтага поля, бо якраз культура ў Беларусі заўсёды існавала не дзякуючы дзяржаве, а ёй насуперак (калі не браць да ўвагі тытульную падзею краіны «Славянскі базар»). Яна акумулявала людзей, гатовых працаваць за кошт энтузіязму, абівала парогі, абыходзіла правілы, выказвалася паміж радкоў, каб нешта ствараць і пакідаць. Усё ж маем справу з «духоўным падмуркам нацыі», не з абы-чым. Калі хочаце, менавіта культура ўсе гэтыя гады была галоўным бунтаром, а яе ўплыў у тым ліку на наш інтэлігентны пратэст складана ацаніць.

Міністр культуры Беларусі Ю. Бондар пад Купалаўскім тэатрам. 18 жніўня, Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Злівам фільму, над якім працавалі сотні прафесіяналаў, выступаць супраць Бондара і Лукашэнкі – гэта значыць прызнаць, што яны маюць да гэтага твору мастацтва нейкае дачыненне, то бок зрабіць ім занадта вялікі гонар. Фармальнае дачыненне яны, вядома, маюць, але іх сістэма ўвесь гэты час хутчэй «зачышчала» сферу культуры, стварала ў ёй рамкі і абмежаванні, прымушала развівацца не паводле натуральных працэсаў, а паводле «дзяржаўных інтарэсаў».

Не Бондару і не Лукашэнку трэба дзякаваць, скажам, за кінафестываль «Лістапад», за Купалаўскі і РТБД, за акадэмічную музыку ў філармоніях. Ім трэба дзякаваць за тое, што дырэкцыя «Лістапада» мусіла з боем адстойваць права паказаць фільм «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскага, бо Мінкульт збянтэжыла назва. За тое, што Купалаўскі разгромлены. За тое, што фестываль класічнай музыкі атрымлівае такое фінансаванне, за якое можна арганізаваць хіба што адзін канцэрт. Нарэшце, не сістэма адказная за з’яўленне «Купалы» – фільм хутчэй выглядае ў ёй як памылка прыроды, нейкі збой.

Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Такім чынам, лагічны спосаб барацьбы ў гэтым выпадку – наадварот, падтрымка культуры. А зрыў прэм’еры «Купалы» не значыць, што стваральнікі не заробяць на паказах, ха-ха, так ім і трэба, – гэта значыць, што ў нас не будзе грошай на наступны фільм, на яшчэ адну «памылку прыроды».

Пасаж тым не менш зразумелы: найбольшага эфекту, вядома, можна дасягнуць, калі ўвасобіць дэмарш з нейкім гучным аб’ектам. Не зліваць жа ў сеціва ціхія «Авантуры Пранціша Вырвіча» – карціну кінастудыі, якая здымалася паралельна з «Купалам» і таксама дагэтуль не выйшла ў пракат.

Інтэрв’ю
«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам
2020.08.31 09:57

А «Купала», так нетыпова для прадукцыі «Беларусьфільма», прыцягваў увагу на ўсіх этапах стварэння, з самага анансавання. Усё ж, калі тут здымаюцца абы-якія баевічкі і нікім не заўважаныя серыялы з разлікам на расейскі рынак альбо карціны да юбілеяў асобных ведамстваў, а тут раптам з’яўляецца баёпік пра народнага паэта – рэзананс непазбежны.

Кінастудыя слушна паставіла менавіта на гэты праект, а СМІ тым часам абмяркоўвалі адпаведнасць Уладзіміра Янкоўскага рэжысёрскаму крэслу, мову сцэнара, перанесены перадпаказ, што мусіў адбыцца ў Дзень беларускага кіно ў снежні мінулага года. Усе дыскусіі, што паказальна, былі звязаныя з пошукам у рэдкім для кінастудыі беларусацэнтрычным мастацкім праекце расейскіх праяваў. Маўляў, Янкоўскі большасць кар’еры адбыў у Расеі, і што ён можа разумець пра Купалу, беларускі паэт, якая ганьба, у фільме размаўляе на расейскай мове, а запланаваны паказ не адбыўся, бо, паводле ўладаў, ён можа сапсаваць стасункі зноў жа з Расеяй.

Апошні скандал асабліва вызначальны для матываў выкладання стужкі ў сеціва: у інфармацыйнай прасторы загучала незадавальненне тым, што беларусам не паказваюць зняты за дзяржбюджэт, то бок за нашыя з вамі падаткі, фільм пра Купалу, хоць ён нам патрэбны. Згодна, у той момант, калі кінастудыя марыла аб прэм’еры на Канскім кінафестывалі, важней было задаволіць беларускага гледача.

Міністр культуры Беларусі Ю. Бондар заявіў аб законным звальненні дырэктара тэатра Латушко і з’ехаў. 18 жніўня, 2020 г. Купалаўскі тэатр, Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Час паказаў, што разлічваць на фестывалі сапраўды не мела сэнсу, але дзякуючы вялікім амбіцыям «Беларусьфільму» «Купала» ціхай сапай дайшоў да моманту, калі ён асабліва дарэчы. Калі пасля падзеяў апошніх месяцаў мы пазбавіліся ілюзіяў, што СССР і НКВД засталіся недзе там, у мінулым, і можам успрыняць карціну як гісторыю пра ў тым ліку сучаснасць (існавала, дарэчы, легенда, паводле якой Купала служыў агентам НКВД – вядомы нам патэрн таксама мог бы апраўдаць тэлеграм-дыверсію).

Глядзець тую версію фільму, якая гуляе цяпер у інтэрнэце, я, вядома, не буду: кінакрытыкі аддаюць перавагу таму, што адлюстроўвае ідэю аўтараў, а мантаж тут шмат значыць. Урэшце розніца паміж чарнавіком і чыставіком дорага каштуе, а гэта ў тым ліку мае грошы. Невядома, ці пакажуць стужку з воклічамі «Жыве Беларусь!» пры гэтым рэжыме афіцыйна, але чакаць, здаецца, засталося нядоўга – хутка мы ўбачым яе на вялікім экране і падумаем: «Так, Янка, мы ўсё гэта ведаем».

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў