Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому


Ягор Скарабагаты – адзін з так званых выпадковых – у аўтазак яго зацягнулі 10 жніўня пасярод дня, калі той вяртаўся з сябрам з гандлёвага цэнтру. Сілавікі схапілі 22 -гадовага жыхара Менску і жорстка збілі і катавалі. Ягор распавёў «Белсату» акалічнасці.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА.
Фота: Belsat.eu

Ягор Скарабагаты, 22-гадовы жыхар Менску кажа, што затрыманне было падобна на тое, як хапалі 90 % людзей у гэтыя дні.

«Мы з сябрам былі ў гандлёвым цэнтры на Нямізе. У гэты дзень гандлёвыя аб’екты зачыняліся раней, чым звычайна. Выйшлі з будынку і пайшлі ў бок трамвайных шляхоў, каб дабрацца дадому на трамваі . На ўваходзе ў парк мы ўбачылі двух амапаўцаў і 2 мікрааўтобусы, а ззаду ад нас былі аўтазакі з амапаўцамі, якія апраналі экіпіраванне.

Мы падумалі, што калі пачнем уцякаць назад, то дакладна за намі пабягуць. У той момант проста не ацанілі, што насамрэч трэба было ўцякаць. Але мы падышлі да сілавікоў і спыталі ці можна тут прайсці да трамвайных шляхоў. Нам адказалі, што так, канечне. Але запатрабавалі, каб мы паказалі, што ў нас у заплечніках. Мы пачалі паказваць, але ў гэты момант да нас падбеглі два амапаўцы, узялі нас за рукі і павялі за сабою.

Амапавец намаляваў чорным маркерам на галаве 3 %

Каля мікрааўтобуса амапаўцы пачалі глядзець мой заплечнік, а ў ім быў швэдрык, пластыр, антысептык і перакіс вадароду. І як толькі амапавец пабачыў перакіс, ён завіс. Потым прагучала кшталту, капец, як ты напакаваны. Пабачылі мой пашпарт і шматзначна намякнулі, што я дабегаўся. Сфатаграфавалі дакумент, спыталі дзе я вучуся. Пры гэтым дагляд і допыт суправаджаўся словамі, маўляў, колькі нам заплацілі, што мы апазіцыянеры і гэтак далей. Нас завялі ў мікрааўтобус і паклалі тварамі ўніз. Адзін з амапаўцаў намаляваў у нас на ілбе і на шыі ззаду чорным маркерам 3 %. Я толькі сёння, дарэчы, прачытаў, што такім чынам яны пазначалі каго і як біць. Калі чорны колер – моцна, а зялёны – слаба.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА.
Фота: Belsat.eu
Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА.
Фота: Belsat.eu

Ампавец біў кулаком у пальчатцы па твары і галаве

Пазней нас перавялі ў іншы аўтамабіль. Там ужо проста жорстка збівалі. Я спрабаваў схаваць галаву паміж сядзеннямі, але сілавікоў гэта страшна раззлавала. Ён падняў маю галаву, а іншы амапавец нанёс у твар і галаву ці то чатыры ці то шэсць удараў кулаком. А вы ведаеце, што яны апранаюць на рукі адмысловыя пальчаткі. Я моцна атрымаў па сківіцы, носе, пераносіцы. Пасля гэтага нас ляжачых у аўтобусе проста білі па нырках, спіне, нагах. Працягвалася гэта некаторы час. Я адчуваў, як па твары капала кроў. Пасля сілавікі вывелі нас з мікрааўтобусу, звычайнымі будаўнічымі зацяжкамі скавалі нам рукі за спіной, і кінулі ў аўтазак. І аўтазак стаяў, пакуль амапаўцы яго не запоўнілі людзьмі.

У аўтазаку тэмпература паветра была каля 40 градусаў, мы былі наскрозь мокрыя. Хлопец побач пачаў задыхацца. Відаць у яго была астма. Але амапаўцы не звярталі на яго ўвагі, казалі, што калі ён страціць прытомнасць, то яны хутка яго прывядуць у свядомасць, паколькі маюць аргументы. Увесь гэты час сілавікі жорстка збівалі людзей навокал, махалі дубінамі.

Мы даволі доўга ехалі ў аўтазаку. Прычым кіроўца не скідваў хуткасць на няроўнасцях дарогі і кожная яміна вельмі балюча адбівалася ў збітым целе. Калі машына спынілася, нас усіх вывелі, і паклалі на траву галавою ў зямлю. Рукі ўвесь час былі ў сцяжцы за спіною і пальцы проста не адчуваліся наагул.

Ягор Скарабагаты пасля вызвалення з СІЗА.
Фота: Белсат

Бясконцая ноч катаванняў у РАУС

Потым па чарзе падымалі, запытваліся імя і прозвішча, на відэа запісвалі пры якіх акалічнасцях затрымалі. Пасля гэтага клалі назад на зямлю. Потым адводзілі ў іншае месца і працэдура адбывалася аналагічным чынам. Я не зразумеў навошта гэта рабілася. Але так прайшла ноч, на гэтай траве мы правялі каля 16 гадзінаў. За гэты час адбылося некалькі зменаў сярод сілавікоў. Але толькі некаторыя былі адэкватныя, і дазвалялі мяняць пазіцыі, паколькі ляжаць з рукамі за спіной тварам у зямлю было балюча. Побач са мною ляжаў чалавек, у якога распачаўся прыступ эпілепсіі. Яго трасло ўсяго, ён не рэагаваў на звароты. На працягу гадзіны амапаўцы падыходзілі, тыцкалі ў яго ботам, запытваліся, ці жывы і адыходзілі. І толькі потым магчыма злітаваліся і ўзялі яго за рукі і ногі ды аднеслі ў машыну хуткай дапамогі.

Іншы мужчына прасіў прынесці яму ягоныя пігулкі. Ён распавядаў, што толькі-толькі пасля аперацыі і можа памерці без лекаў. Але на дапамогу яму ніхто не прыйшоў.

Увесь гэты час працягваліся збіванні людзей. Адзін з хлапцоў звярнуўся да амапаўца і заклікаў яго зняць маску, паказаць свой твар, маўляў, што яны баяцца паказаць сябе. Але ў адказ атрымаў страшны ўдар нагою.

Гэтак прайшла самая запамінальная ноч без сну ў самым жудасным гатэлі ў маім жыцці. Толькі бліжэй да раніцы, недзе каля 11 гадзіны людзей пачалі развозіць на Акрэсціна і ў СІЗА ў Жодзіне.

Па дарозе ў Жодзіна жорстка білі дубінамі затрыманых

Мяне везлі ўсю дарогу тварам уніз і патрабавалі, каб я стоячы на каленях трымаў рукі над галавою. Ногі і рукі былі проста суцэльна сінія. І калі нехта скардзіўся на катаванні, таго працягвалі біць дубінамі. Пры гэтым каты казалі, што калі мы думаем, што нам балюча, то насамрэч яны заўсёды могуць зрабіць нам яшчэ горш.

У СІЗА ў Жодзіне мне запомніўся яшчэ адзін момант. Калі мы стаялі ў чарзе на афармленне і сядзелі ў аўтазаках, сілавікі выйшлі і паміж сабою размаўлялі. І вось адзін з іх запытаўся, ці можа нехта з іх управіць чалавеку руку? У адказ жа прагучала, што не, але можна другую выбіць і падраўняць. Гэта выклікала ў іх смех».

Ягора Скарабагатага вызвалілі толькі ў пятніцу. Юнак кажа, што сярод затрыманых і тых, каго катавалі, былі самыя звычайныя людзі, якіх хапалі, калі яны вярталіся з крамы, з працы, з гасцей.

Юнак не збіраецца пакідаць без пакарання сілавікоў. Ягору ўдалося прайсці судова-медычную экспертызу і зняць пабоі. Але зрабіць гэта ўдалося далёка не кожнаму, паводле яго назіранняў, судмедэксперт звычайна адмаўляецца рабіць сваю справу і не прымае скаргі. Але ў гэтым выпадку Ягор чакае, што ягоную заяву на катаванні амапаўцаў разгледзяць.

Hавiны
«Раўлі ўсе – і дарослыя і дзеці. Цяжарную збівалі таксама». 14-гадовы хлопец распавёў пра катаванні
2020.08.18 21:13

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў