БТ: затрыманых баевікоў падазраюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў

Сёння, 30 ліпеня, у выпуску вечаровых навінаў па БТ паказалі падрабязнасці гучнай справы затрыманых баевікоў ПВК «Вагнер».

У вечаровых навінах па БТ паказалі новыя падрабязнасці рэзананснай справы затрыманых баевікоў. У сюжэце сцвярджаецца, што больш за 200 баевікоў прыбылі ў Беларусь, каб арганізаваць масавыя закалоты, пры падтрыманні Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча.

Фота: скрыншот з БТ

Напачатку сюжэту вядоўца прыгадаў сённяшнюю сустрэчу кандыдатаў у ЦВК. Ён падкрэсліў, што праз пагрозу правілы бяспекі на мітынгах сталі больш жорсткімі. У відэа падкрэсліваецца, што пры затрыманні баевікі паводзілі сябе спакойна.

Яшчэ раз прыгадалі імёны і пашпартныя дадзеныя затрыманых. Тое, што баевікі – грамадзяне Расеі пацвердзіў Дзмітрый Пяскоў – аўдыязапіс тэлефоннай размовы паказалі ў эфіры.

«Адсутнічае інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях расейцаў, якія маглі б стаць прычынаю для затрымання. Нам пра гэта нічога не вядома», – паведаміў Пяскоў.

У сюжэце згадваюцца версіі пра тое, што баевікі накіроўваліся ў трэція краіны – іх называюць «канспіралагічнымі тэорыямі».

«У дачыненні да Статкевіча і Ціханоўскага заведзеныя крымінальная справа па факту арганізацыі масавых закалотаў. Учора паводле інфармацыі, атрыманых ад спецслужбаў, па падазрэнні ў здзяйсненні дадзенага злачынства, затрыманыя 33 грамадзяніна РФ», – паведаміў БТ Аляксей Волкаў, першы намеснік старшыні Следчага камітэту.

Андрэй Волкаў. Фота: скрыншот з БТ

Таксама па БТ прыгадалі, што на Сяргея Ціханоўскага заведзеныя крымінальныя справы па распальванні сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Зараз у амбасадара Расеі запрасілі тлумачэнні датычна знаходжання ў Беларусі вайскоўцаў. Таксама ўзмацняецца кантроль на межах, а Следчы камітэт працягвае расследаванне справы.

30 ліпеня дзяржсакратар Савету Бяспекі Андрэй Раўкоў заявіў, што ў Беларусь прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі.

КТ belsat.eu

Hавiны