Бракуе толькі сайдынгу! Паглядзіце, што робяць з замкам Вітаўта ў Горадні


Абарончая сцяна Старога замку неўзабаве канчаткова страціць свой старажытны выгляд пад звычайнай светла-ружовай цэглай. Сітуацыю каментуюць гісторыкі і навукоўцы.

Стары замак у Горадні – адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў ХІ-ХІХ стст. З’яўляецца адзіным (за выключэннем размешчанага на суседнім пагорку Новага замка) захаваным каралеўскім замкам у Беларусі. Доўгі час быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх. Крыніца – wikipedia.org

Спрэчкі вакол рэстаўрацыі Старога замку ў Горадні не сціхаюць ужо два гады. І за кожным разам Стары замак усё болей губляе свой першапачатковы выгляд і гістарычную каштоўнасць.

Стары замак ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Некалькі дзён таму будаўнікі пачалі абкладваць цэглаю старажытны мур, пабудаваны яшчэ пры Вітаўце. У часы міжваеннай Польшчы кладку XIV-XV ст. закансервавалі польскія спецыялісты, але сцяна не страціла пры гэтым аблічча даўніны.

Калі помнікі архітэктуры рэстаўруюць звычайныя будаўнікі

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Да рэстаўрацыі было і застаецца вельмі шмат падазрэнняў. На жаль у Беларусі ёсць вялікі вопыт, калі над помнікамі працуюць непрафесійныя рэстаўратары. Лепяць абы-якую цэглу, якая доўга не вытрымлівае і апроч таго знішчае сапраўдныя парэшткі гістарычных будынкаў. – Кажа гісторык і археолаг Аляксандр Краўцэвіч. – Да прыкладу, як у Наваградку ўсё аблажылі. Сапраўднай гістарычнай каштоўнасці ніхто не бачыць. І тут у Горадні яе ніхто не ўбачыць. Які сэнс прыводзіць сюды турыстаў, казаць пра сапраўдную старажытную сцяну часоў Вітаўта, а пасля дадаваць – прабачце, але мы яе не пабачым, бо яна закладзена цэглай?»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Апошні раз замак рэстаўравалі ў 1950-я гг. Цяпер жа – на падставе макету архітэктара Уладзіміра Бачкова і ў сувязі з дзяржаўнаю праграмаю «Замкі Беларусі» – распачалося аднаўленне Старога замку, у выніку якога знясуць некалькі аднапавярховых будынкаў першай паловы ХХ ст., над палацам Баторыя дабудуюць трэці паверх, з’явяцца вежа (барбакан), крытая галерэя, брама, мерная хата, камяніца, фрагмент драўлянага мосту XVI ст. і адзін пралёт каменнага мосту XVII–XIX стст.

Паводле адмыслоўцы, гэткія дзеянні пярэчаць усім прынцыпам рэстаўрацыі. «Гэта вельмі адказная справа, якую павінны рабіць выключна прафесіяналы. Але ў нас галоўнае – грошы і працу прафесіяналаў робяць звычайныя будаўнічыя арганізацыі. А каб атрымаць грошы, трэба зрабіць аб’ём. Чым больш цэглы, тым большы заробак», – падкрэслівае Краўцэвіч.

«Абкласці цэглаю, каб усё было як у людзей»

Хадою рэканструкцыі абураны таксама гісторык Мікалай Волкаў: «Канцэпцыя нашых рэстаўратараў – еўрарамонт пад італьянскага архітэктара Гучы, але як збудаваў бы Гучы ведае толькі Уладзімір Бачкоў (аўтар праекту рэканструкцыі). І пад гэтую карцінку хаваюцца многія гістарычныя артэфакты. Руіны трэба абкласці цэглаю, каб усё было «як у людзей». А рэшткі муроў Вітаўта зашыюць у мяшок і мы хіба ўжо ніколі не даведаемся, што там было пад гэтымі руінамі. Кавалак сцяны яшчэ ў жніўні разабралі будаўнічай тэхнікай, садралі і савецкую і польскую кансервацыю, бо так было прасцей і таней, а зараз проста закладваюць сцяну. Да прыкладу Крэва ўзяць, там таксама рэстаўрацыю робяць беларускія фірмы, але чаму там выглядае ўсё нармальна і па-людску?».

Чытайце таксама:

Архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў бачыць у кансервацыі сцяны адзіны плюс: «Выдатна, што закладваюць сцяну – будзе добрая кансервацыя, каб сцяна не развалілася. А пад цэглай яна будзе схаваная ад розных прыродных фактараў. Можна было б падзякаваць Бачкову, але я не думаю, што гэтую паслугу ён робіць свядома, таму не будзем. Пакуль няма жадання прыменіць адмысловыя тэхналогіі па рэстаўрацыі, то няхай лепш сцяна пастаіць пад цэглай, але захаваецца».

«Усё – паводле праекту»

У каментары для hrodna.life галоўны праектавальнік рэканструкцыі Старога замку Алег Шымбарэцкі адзначыў, што ўсе працы на абарончай сцяне вядуцца згодна з праектам. А муроўку блізкую да аўтэнтычнай, спецыялісты ў Беларусі не могуць выканаць у сувязі з адсутнасцю цэглы, якую трэба рабіць па індывідуальнай замове.

Зрабіць муроўку з бутавага каменю таксама было даражэйшым варыянтам і не паўтарыла б арыгінальную кладку. У сувязі з гэтым было вырашана зэканоміць і пад тынкоўку, якой усё роўна пакрыюць сцяну, пакласці таннейшую цэглу, якая б не парушыла муроў. Таксама Алег Шымбарэцкі паведамляе, што ў будучыні некалькі фрагментаў адкрытай сцяны будзе пакінутай для экспазіцыі і гараджане змогуць яе ўбачыць.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў