Больш за 5000 хрысціянаў Беларусі падпісалі ліст супраць гвалту. Сярод іх – святары і пастары

Грэка-каталіцкі святар размаўляе з супрацоўнікамі ДАІ, якія затрымалі машыну з бел-чырвона-белым сцягам. Віцебск, Беларусь. 23 жніўня 2020 г. Фота: belsat.eu

Беларускія хрысціяне розных канфесіяў падпісалі зварот да ўладаў з патрабаваннямі правесці новыя прэзідэнцкія выбары і спыніць гвалт на вуліцах краіны.

Хрысціянскія вернікі Беларусі падпісваюцца пад трыма асноўнымі патрабаваннямі:

  • Спыніць гвалт у дачыненні да грамадзянаў, якія выказваюць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, што гарантуецца артыкулам 33 Канстытуцыі Беларусі;
  • Аднавіць законнасць, вызваліць усіх затрыманых з палітычных матываў і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія парушылі законы;
  • Правесці новыя прэзідэнцкія выбары ў самыя кароткія тэрміны паводле міжнародных дэмакратычных стандартаў.

Хто падпісаў зварот?

Ліст падпісалі больш за 5000 чалавек, сярод іх – каля 100 святароў і пастараў розных хрысціянскіх канфесіяў.

«Я гатовы…» Біскуп Юрый Касабуцкі выказаўся пра магчымыя рэпрэсіі і крымінальны пераслед

Гэтак, свае подпісы пад зваротам пакінулі праваслаўныя святары Георгій Рой, Уладзімір Драбышэўскі, Ілля Шыць, Дзяніс Карасцялёў, Аляксандр Палхоўскі, Уладзіслаў Багамольнікаў, Аляксандр Новікаў, Ілля Нікалаенка, Антон Гелясаў, Аляксандр Шрамко, Кірыл Гардун.

Таксама падпісаліся рыма- і грэка-каталіцкія святары Андэй Ядкоўскі, Вячаслаў Барок, Юрый Барок, Віктар Жук, Васіль Ягораў, Аляксей Варанко, Андрэй Буйніч, Ігар Кандрацьеў, стараабрадніцкі святар Дзмітрый Маркевіч, святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сяргей Тарасенка, равін юдэйскай месіянскай супольнасці Аляксей Ягіпцаў.

Найбольш масава зварот падтрымалі пастары розных пратэстанцкіх плыняў, сярод іх – Антоні Бокун, Леанід Вараненка, Мікалай Барычэўскі, Андрэй Грушын, Вадзім Дарагакупец, Андрэй Старушак, Андрэй Шэраш, Андрэй Маташкаў, Юлія Турко, Уладзімір Трафімчык, Віктар Ярмалюк, Дзмітрый Зяленскі, Ігар Туніцын, Тарас Тэлькоўскі, Яраслаў Вязоўскі, Дзмітрый Мамойка, Сяргей Хацько – агулам каля 70 чалавек.

Рэпрэсіі супраць святароў

Між тым у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць хрысціянскіх вернікаў. Гэтак, 30 лістапада на 10 содняў паводле арт. 23.34 КаАП асудзілі грэка-каталіцкага святара Віталя Быстрова.

Ксяндза-відэаблогера Вячаслава Барка выклікалі ў міліцыю

А 1 снежня ў Расонах пачаўся суд над ксяндзом Вячаславам Барком, які з’яўляецца адным з падпісантаў звароту. Яго судзяць за публікацыю ілюстрацыі аўтарства Уладзіміра Цэслера, дзе свастыка была афарбаваная ў чырвона-зялёныя колеры.

МГ belsat.eu

Hавiны