Бойня ў паўднёвым Тайландзе – чаго варта асцерагацца турыстам?


Сем’і забітых на КПП у правінцыі Яла 7 лістапада 2019 года, Тайланд.
Фота: SURAPAN BOONTHANOM / Reuters / Forum

Тайланд – адно з упадабаных месцаў адпачынку расейскіх турыстаў, якім усё больш актыўна цікавяцца і беларусы. Напярэдадні ў адной з правінцый краіны баевікі напалі на КПП. Загінулі як мінімум 15 чалавек. Belsat.eu разбіраецца, ці ёсць небяспека для гасцей гэтай дзяржавы ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Уначы 6 лістапада ў раёне Муанг правінцыі Яла на крайнім поўдні Тайланда ўзброеныя баевікі атакавалі блокпост, на якім у момант нападу знаходзілася да 20 добраахвотнікаў, якія дапамагаюць паліцыі, і прадстаўнікоў мясцовай улады. Ахвярамі нападу сталі 15 чалавек.

Тыя, хто нападаў, не менш за 10 чалавек, завалодалі зброяй ахвяраў, пасля чаго арганізавана адступілі. Каб пазбавіцца пагоні, яны рассыпалі на дарозе металічныя шыпы, падпалілі шыны, звалілі дрэва і ўзарвалі апору лініі электраперадач. На момант публікацыі няма інфармацыі аб ліквідацыі або затрыманні баевікоў.

Сепаратысты павышаюць стаўкі

Нягледзячы на тое, што па гарачых слядах ніхто не ўзяў адказнасць за атаку, тайскія сілавікі не сумняваюцца, што вінаватыя – мясцовыя ісламскія сепаратысты.

«Хутчэй за ўсё, гэта справа рук паўстанцаў. Гэта адзін з найбуйнейшых нападаў за апошні час», – адзначыў палкоўнік Прамотэ Пром-ін, каментуючы сітуацыю агенцтву Reuters.

Тайскія эксперты-крыміналісты аглядаюць месца нападу баевікоў, 6 лістапада 2019 года, правінцыя Яла, паўднёвы Тайланд.
Фота: SURAPAN BOONTHANOM / Reuters / Forum

Апошні раз такая колькасць ахвяраў тэрарыстаў, што дзеюць на поўдні Тайланда, была зафіксаваная 31 сакавіка 2012 года, калі ў выніку серыі выбухаў у правінцыі Яла загінулі 16 і атрымалі раненні больш за 300 чалавек.

Адкуль у Тайландзе ваяўнічыя ісламісты?

Адкуль у паўднёвым Тайландзе ўзяліся тэрарысты і якія ў іх мэты? У адміністрацыйным плане краіна дзеліцца на 77 правінцый. Чатыры з іх – Яла, Наратхіват, Патані і Сатун – маюць пераважна ісламская насельніцтва.

Гістарычны рэгіён Патані (раней – напаў незалежны малайскі султанат, які плаціў даніну тайскім каралям) у этнічным, культурным і рэлігійным планах заўсёды быў значна бліжэй да Малайзіі.

Пасля Другой Сусветнай вайны ўлады Тайланду паспрабавалі вырашыць гэтую праблему шляхам «тайзацыі» мясцовага насельніцтва. Спроба не ўдалася, справакаваўшы рост сепаратысцкіх настрояў.

У другой палове XX стагоддзя канфлікт адрозніваўся невысокай інтэнсіўнасцю. Яго рэзкая эскалацыя наступіла ў першай дэкадзе новага тысячагоддзя і не згасае да сённяшняга дня.

Пры чым тут «Ісламская дзяржава»

Палітычны аналітык Карпарацыі RAND Пітэр Чок у эксклюзіўным каментары Belsat.eu адзначыў:

«Нягледзячы на тое, што дзеянні паўстанцаў не прыцягнулі да сябе падвышанай увагі сусветнай грамадскасці, канфлікт з’яўляецца сёння самым крывавым у Паўднёва-Усходняй Азіі. З 2004 года яго ахвярамі сталі больш за 7000 чалавек. Для рэгіёну, у якім пражывае толькі 1,8 мільёна чалавек, гэта істотная лічба.

Колькасць актыўных паўстанцаў складае ад 5 000 да 20 000 чалавек. Іх мэтай зʼяўляецца стварэнне незалежнай малайска-ісламскай дзяржавы на тэрыторыі штатаў Яла, Наратхіват і Патані. Нягледзячы на яскравы налёт джыхадызму, якім характарызуецца гвалт на поўдні Тайланда, пачынаючы з 2004 года нішто не ўказвае на тое, што паўстанцкі рух быў «захоплены» знешнімі элементамі – такімі, як Аль-Каіда ці ІД».

Месца выбуху бомбы ў правінцыі Яла, 23 верасня 2016 года, Тайланд.
Фота: Surapan Boonthamon / Reuters / Forum

Што адбылося ў 2019 годзе

У 2019 годзе тэрарыстычныя атакі ісламскіх сепаратыстаў былі адзначаныя ва ўсіх чатырох праблемных правінцыях. Іх галоўнай мэтай былі тайскія сілавікі, аднак даставалася і мірным жыхарам (27 траўня выбух замініраванага матацыкла каля аднаго з рынкаў у правінцыі Патані прывёў да гібелі двух і ранення дваццаці сямі чалавек).

Найбольшы рэзананс выклікала серыя выбухаў у Бангкоку 2 жніўня 2019 года ў момант правядзення ў горадзе саміту АСЕАН. Выбуховыя прылады былі маламагутнымі і павінныя былі стварыць, перш за ўсё, псіхалагічны эфект.

Тайскія сілавікі расследуюць сігнал аб мініраванні ў Бангкоку 2 жніўня 2019 года.
Фота: Adryel Talamantes / Zuma Press / Forum

Арыштаваныя тэрарысты былі звязаныя з ісламскімі паўстанцамі.

Расейскія і беларускія турысты выбіраюць Тайланд

Тайланд з’яўляецца папулярным турыстычным напрамкам для расейцаў. У 2018 годзе краіну наведалі паўтара мільёна грамадзян Расеі, у 2019 годзе прагназуецца павелічэнне іх колькасці на 10%.

Паводле інфармацыі Белстату, колькасць беларускіх турыстаў за апошнія гады таксама вырасла: з 1976 чалавек у 2011 годзе да 6745 у 2017 і 5547 – у 2018.

Агульная колькасць замежных турыстаў у папярэднім годзе перавысіла 38 мільёнаў чалавек.

Правінцыі Яла, Наратхіват, Патані і Сатун адносяцца да ліку найменш вывучаных турыстамі месцаў адпачынку на поўдні Тайланда, прыкметна прайграючы ў папулярнасці выспам Пхукет і Самуй, якія змяшчаюцца на поўначы. Гэтыя дзве выспы, а таксама Паттайя, размешчаная на беразе сіямскага заліва, зʼяўляюцца галоўнай мэтай расейскіх турыстаў, якія накіроўваюцца ў краіну.

З 2015 па 2018 іх колькасць вырасла ў 2,5 разы – з 675 тысяч да 1,7 мільёна чалавек.

Ці небяспечна ехаць на адпачынак?

Нягледзячы на тое, што пастаянна гучаць папярэджанні аб небяспецы, якой падвяргаюцца замежнікі, якія наведваюць скрайні поўдзень Тайланда, яны практычна не становяцца мэтай тэрарыстаў. Аналіз здзейсненых да сённяшняга дня нападаў паказвае на імкненне мінімізаваць шкоду, што прычыняецца турыстычнай галіне, якая корміць шмат мясцовых жыхароў.

Расейскі ўсходазнаўца Дзмітрый Косыраў лічыць, што тэрарыстычная дзейнасць паўстанцаў на поўдні Тайланда не нясе вялікай пагрозы турыстычнаму патэнцыялу краіны.

«Асобныя вылазкі супраць турыстаў у Тайландзе магчымыя, але ў будысцкіх штатах у ісламістаў няма глыбокай падтрымкі. Так што там можна чакаць толькі кропкавых рэйдаў», – адзначыў ён у адказ на пытанні карэспандэнта «Белсату».

Каментуючы нядаўні напад, што пацягнуў гібель 15 чалавек, эксперт сказаў, што «усё хутчэй падобна да «размінкі», якая стала неабходная тэрарыстам, каб не сядзець без справы і адпрацоўваць стала ўсялякую лагістыку, трымаць у бадзёрасці свае кадры. Па-сапраўднаму сур’ёзным мог бы быць захоп нейкай тэрыторыі буйнымі сіламі, як гэта было на Філіпінах, але пакуль гэтага нідзе не адбываецца».

Гэта значыць можна супакоіць шматлікіх турыстаў, якія збіраюцца адпачыць у Тайландзе. Мэтанакіраванае паляванне на іх мясцовыя ісламісты весці не будуць. Больш за тое, яны рэдка выбіраюцца за межы паўднёвых правінцый. Аднак, адправіўшыся на крайні поўдзень краіны, трэба памятаць, што апынуцца не ў тым месцы і не ў той час рызыкуе кожны, бо выбухі і стрэлы грукочуць таксама ў досыць ажыўленых месцах.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Новости
Метастазы «Исламского государства»: где ждать рецидива
2019.10.09 00:29

Іван Лысюк/ІР belsat.eu

Стужка навінаў