Аўтара блогу «Беларусь за перамены» Мікалая Маслоўскага затрымалі падчас стрыму ў Менску.
Раніцай 2 жніўня Маслоўскі ўключыў трансляцыю на сваім YouTube-канале, дзе збіраўся паразважаць пра фатаграфаванне выбарчых бюлетэняў.
У гэты момант да яго ззаду падышлі двое мужчын у цывільнай вопратцы і масках і запатрабавалі прайсці з імі. Ён паспеў выкласці відэа затрымання ў сеціва.
Куды павезлі блогера і ў чым яго вінавацяць – пакуль невядома.
Пазней праваабаронцы даведаліся, што Маслоўскага завезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна для адбыцця раней прызначанага адміністратыўнага арышту.
На канале Маслоўскага «Беларусь за перамены» – больш за 36 тысяч падпісчыкаў. Восенню 2019 года ён балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, аднак не прайшоў, як і астатнія незалежныя кандыдаты.
***
Сёлетняя выбарчая кампанія, акрамя ўзмацнення рэпрэсіяў супраць актывістаў і журналістаў, адзначылася беспрэцэдэнтным пераследам незалежных блогераў. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца каля дзясятку папулярных блогераў, частка з іх праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), яны прызнаныя палітвязнямі.
КА belsat.eu