Біскуп Касабуцкі: Анонсы ўжывання зброі сведчаць пра рыхтаванне новых злачынстваў


Фактычнае выгнанне з Беларусі метрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча – палітычная акцыя, скіраваная супраць каталікоў, усяго Каталіцкага Касцёлу, адзначыў генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Юрый Касабуцкі падчас казання ў сераду ўвечары.

Казанне, у якім іерарх ацаніў сітуацыю ў Беларусі, прагучала ў катэдры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі з нагоды імянінаў метрапаліта Кандрусевіча.

Дзеянні ўладаў, на меркаванне біскупа Касабуцкага, прадыктаваныя ідэалогіяй, якая да сёння базуецца на марксізме-ленінізме.

«Гэта злачынная ідэалогія, якой не асудзілі ў нашай краіне», – сказаў каталіцкі іерарх.

«Разам з метрапалітам мы згадваем усіх людзей, якія нявінна церпяць у нашай краіне, якія ў вязніцы. Хто б мог падумаць, што ў цэнтры Еўропы цягам некалькіх месяцаў арыштуюць каля 15 000 чалавек?! Частка з іх была катаваная», – сказаў біскуп Касабуцкі.

Ён згадаў у казанні, якое пачулі як мінімум некалькі тысяч асобаў у касцёле і праз онлайн-трансляцыю, учынкі міліцыі за апошнія дні, у тым ліку падзеі ў прыватных кватэрах на вуліцы Нававіленскай.

«Як яны прыніжалі годнасць чалавека, як лупілі безабаронных людзей! Але мы можам не толькі з жахам на гэта глядзець, але і з гонарам за тых, хто адчыніў свае кватэры для ратавання незнаёмых людзей. Салідарнасць нашых людзей – гэта скарб, еднасць, любоў адно да аднаго, падтрымка – гэта тое, што робіць нас адзінаю нацыяй», – адзначыў іерарх.

«Сёння мы таксама шмат чуем анонсаў ужывання зброі супраць нашых людзей. Гэта азначае, што ў планах ёсць нейкае наступнае злачынства. Мы павінны маліцца, каб гэтае злачынства не магло здзейсніцца. Страляць ва ўласны народ – смяротны грэх», – дадаў ён.

Юрый Касабуцкі заклікаў каталікоў маліцца за Беларусь, за беларускі народ, за ахвяраў тэрору, а таксама за пакаянне злачынцаў, якія аддаюць і выконваюць загады супраць беларускага народу.

«Мы павінны маліцца за нашых міліцыянтаў, амапаўцаў ды іншых, каб усё ж такі розум перамог. Бо стрэліць у чалавека лёгка, але потым спыніцца будзе цяжка», – сказаў ён.

Меркаванні
Грамадзянін Кандрусевіч. Ператварэнне каталіка ў пратэстанта
2020.09.01 11:57

belsat.eu

Стужка навінаў