«Білі кулаком па галаве і пыталіся: «Колькі вам заплацілі?». Гісторыя збіцця 19-гадовага магілёўца


Былы сябра моладзевага парламенту Елісей Федзін 12 жніўня быў моцна збіты працаўнікамі міліцыі. У звязку з гэтым ён напісаў заяву ў Следчы камітэт і чакае сумленнага разбору. Адразу пасля жорсткага затрымання Елісея павезлі не ў РАУС, як большасць затрыманых, а ва Упраўленне ўнутраных справаў – як арганізатара пратэсту. Там хлопцу стала так дрэнна, што прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу і адвозіць яго ў больніцу.

12 жніўня на стадыёне СШ № 9 Елісей сустрэўся з людзьмі з тэлеграм-чату, каб разам з імі пайсці на мірную акцыю «Ланцуг салідарнасці». Як пазней высветлілася, у чаце былі працаўнікі міліцыі, яны ведалі месца і час сустрэчы і таксама прыйшлі пад выглядам звычайных людзей.

Елісей Федзін.
Фота: «Белсат»

«Раптоўна пад’ехалі шэрыя аўтамабілі без апазнавальных знакаў, без усяго. Я ўбачыў, як з іх выходзяць людзі ў чорных масках. Астатнія былі ў цывільным. Мы інстынктыўна пачалі збягаць ад іх, але працаўнікі ў цывільным акружылі стадыён і беглі на нас ужо з супрацьлеглага боку. Мужчына зрабіў мне падсечку, і я ўпаў, пачаў уставаць, і мне ў твар прыляцеў кулак. Далей мяне ўдарылі нагой у грудзі і ў вока. Пасля гэтага я ўжо дакладна не мог рухацца. Мне на рукі надзелі кайданкі», – узгадвае момант затрымання Елісей Федзін.

«Я ляжаў на зямлі з кайданкамі на руках, і яны мяне дабівалі. Яны запытваліся: «Хто яшчэ мусіў прыйсці?», «Колькі вам заплацілі?». Пасля нас пасадзілі ў аўта, і там допыт працягнуўся праз сілавыя метады – білі кулаком па галаве і пыталіся: «Колькі вам заплацілі?». Астатніх загадалі везці ў РАУС як удзельнікаў, а мяне забралі ва Упраўленне ўнутраных справаў як арганізатара. Стан быў вельмі дрэнны, кружылася галава», – кажа Елісей.

Елісей Федзін у больніцы, фота з архіву героя

Па словах маладзёна, ва ўпраўленні допыт працягнуўся. «Я ім так і сказаў: «Мужыкі, мне нічога не плацілі, людзі самі выходзяць, бо яны супраць». І тут адзін з працаўнікоў замахнуўся на мяне кулаком і кажа: «Што вам не падабаецца ў гэтай краіне, што вы хаціце змяніць, у нас усё крута!» Я проста маўчаў, бо я разумеў, што ўсё абернецца супраць мяне. Далей яны сталі мне пагражаць, што калі я зараз ім не выдам каардынатараў, то яны завядуць мяне ў клетку і будуць збіваць, гвалціць. Але я нічога ім не адказаў. У гэты момант у мяне пачалася міжрэберная неўралгія – я і гаварыць не мог», – узгадвае тыя жудасныя падзеі Елісей.

Далей Елісея завялі ў прыбіральню і загадалі сцерці кроў з твару. Пасля прыехалі працаўнікі хуткай дапамогі. Міліцыянты не адразу аддалі ім збітага, перш-наперш яны загадалі Елісею маўчаць пра ўсё, што адбылося.

Збіты Елісей Федзін у больніцы, фота з архіву героя

«Канешне, я пагадзіўся, каб яны мяне толькі выпусцілі ў больніцу. Але лекарам я адразу расказаў, што мяне збілі. Увечары таго ж дня да мяне ў палату прыйшоў следчы. Я распавёў яму пра ўсе катаванні, а таксама заявіў пра крадзеж мабільнага тэлефона. У выніку мне вярнулі мой тэлефон праз 20 хвілін пасля падачы заявы. Чалавек, які прынёс мне мой мабільны, пагражаў, што мяне пасадзяць на 3 гады за тое, што я абяцаў нікому нічога не расказваць, але ўсё расказаў», – дзеліцца ўспамінамі Елісей Федзін.

У Елісея Федзіна дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, садно грудной клеткі і пералом рашотчатай косці. Малады чалавек адчуваў сябе вельмі дрэнна, было складана дыхаць, але з кожным днём яму рабілася лепш. З больніцы яго выпісалі 19 жніўня. Цяпер яму нельга займацца фізічнай актыўнасцю, на левым воку ўпаў зрок, неабходна карэкцыя. Дактары сказалі Елісею, што калі б яшчэ 2 міліметры прабілі, то ён бы згубіў левае вока або адразу б наступіла смерць.

Інтэрв’ю
«Я пабачыў, як для нас рыхтуюць канцлагер. Думаў, нас прывезлі, каб забіць»
2020.08.21 12:24

«Дзякую лекарам, якія дапамаглі мне стаць на ногі. Дзякую маім родным – маме, якая таксама мяне падтрымала. А гэтую сітуацыю, я спадзяюся, у Беларусі не пакінуць без увагі. Я б хацеў, каб людзей, якія мяне збівалі, прыцягнулі да адказнасці, бо яны не мелі права гэтак сябе паводзіць», – кажа Елісей Федзін.

Маладзён упэўнены, што на ягоным баку праўда. Яго падтрымліваюць праваабаронцы і беларускае грамадства. Елісей спадзяецца, што ў міліцыі яшчэ засталіся сумленныя людзі, якія разбяруцца ў справе.

Hавiны
«Вы жывёлы і ў вас няма правоў». Аповед менчука пра катаванні на Акрэсціна
2020.08.21 16:24

МУС паведамляе, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў