Берасцейцы пра кошты на маладую бульбу і ягады: дорага. ФОТА


Цэнтральны рынак у Берасці, чэрвень 2020 года.
Фота: «Белсат»

Журналісты «Белсату» наведалі рынкі Берасця, каб даведацца па чым маладая бульба, гародніна і ягады.

Большасць апытаных намі берасцейцаў прызнаецца: дорага! І сапраўды кошты высокія, асабліва на ягады, ад 10 рублёў за кілаграм.

Свежыя ягады прадаюць па 12 рублёў, учорашнія па 10.
Фота: «Белсат»

Першыя клубніцы і чарэшня, капуста, бульба на беларускія рынкі ішлі з Азербайджану. У пачатку траўня маладая бульба з гэтай краіны каштавала 6 рублёў, а ягады каля 20 рублёў. Зараз кошты натуральна сталі ніжэй, але шмат для каго гэтыя тавары застаюцца недасяжнымі.

На цэнтральным рынку прадаюць трускаўку з Камянеччыны.
Фота: «Белсат»

Напрыклад, кілаграм маладой бульбы цяпер каштуе 2,5 – 3 рублі, у асноўным яна ўкраінская, але ўжо пайшла і першая беларуская. Таму варта чакаць, што праз некалькі тыдняў цэны знізяцца. Да прыкладу бульба з мінулага сезону каштуе ад 50 да 70 капеек.

Мясцовыя агуркі на цэнтральным рынку ў Берасці.
Фота: «Белсат»

Агуркі на рынках Берасця можна набыць ад 2.30 да 3 рублёў за кілаграм, за месяц яны патаннелі ўдвая. Кілаграм радыскі абыдзецца ў 3,5 рублі, хаця яшчэ месяц таму пучок (200 – 300 грамаў) каштаваў 2 – 2,5 рублі. Кошт мясцовай маладой капусты – 1.50. Цікава, што ў «Кароне» капуста з Казахстану на 35 капеек танней. А вось свежы часнык наадварот таннейшы на рынку – 7-8 рублёў, у той час як у крамах – 16-18.

Радыска хатняя, па 3,50.
Фота: «Белсат»

Ягады сапраўды не танныя: маліна з Берасцейскага раёну абыдзецца вам у 30 рублёў. Калі раней кошты за чарэшні з Азербайджану трымаліся ў раёне 20 рублёў, то цяпер на рынку з’явілася ягады з Грэцыі і Украіны за 12- 14 рублёў. А вось клубніцы прадаюцца выключна беларускія: Камянец, Берасцейскі раён, Маларыта, Драгічын, але кошты пакуль трымаюцца на ўзроўні ад 10 да 13 рублёў.

Маладая бульба з Украіны па 3 рублі, мясцовая капуста па 1,5.
Фота: «Белсат»

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота) Belsat.eu

Стужка навінаў