Берасцейскае «Дынама» не стала чэмпіёнам Беларусі заўчасна


«Іслач» і «Дынама» (Берасце) перад матчам 10 лістапада. Фота – «Белсат»

10 лістапада берасцейцы сустракаліся на выездзе з «Іслачу». Матч скончыўся з лікам 1: 1. Гол у браму «Іслачы» на 23-й хвіліне забіў Арцём Мілеўскі, праз дзесяць хвілін лік зраўняў Аляксандр Макась. Гульня была цікавая тым, што берасцейцы маглі датэрмінова стаць чэмпіёнамі Беларусі – і ў выпадку перамогі спыніць 13-гадовую пераможную серыю барысаўскага «БАТЭ».

Сёння ўпершыню ў гісторыі супраць сябе гулялі Аляксандр Глеб і Арцём Мілеўскі. У тым, што адныя з найлепшых беларускіх футбалістаў сустрэліся практычна ў канцы сваіх спартовых кар’ераў, спартовы журналіст Сяргей Канашыц бачыць горкую іронію.

«Хлопцы, калі б абставіны склаліся інакш, маглі б падняць беларускую зборную на новыя для яе вышыні, вывесці ў фінальныя раўнды чэмпіянату свету і Еўропы, але здарылася ўсё так, як здарылася: Мілеўскі стаў украінцам, а Глеб у нашай зборнай так і не здолеў цалкам раскрыць сябе. Магчыма, менавіта таму, што не было ў яго на полі такога партнёра, як Арцём», – напісаў Канашыц.

10 лістапада 2019 года. Гледачы матчу паміж камандамі «Іслач» і «Дынама» (Берасце). Фота – «Белсат»

«Ніхто і не мог падумаць некалькі гадоў таму, што ў чэмпіянаце Беларусі такое будзе супрацьстаянне двух груд. Двух, я лічу, выхаванцаў беларускага футбола. І з вялікімі імёнамі, якія нешта зрабілі на еўраарэне вялікае», – цытуе галоўнага трэнера «Іслачы» Віталя Жукоўскага «Трыбуна».

Цяпер, за два туры да фінішу Вышэйшай лігі каманда з Берасця апярэджвае «Шахцёра» на сем пунктаў, БАТЭ – на восем.

Феномен берасцейскага «Дынама»

Найлепшы вынік берасцейскага «Дынама» ў чэмпіянаце краіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі – бронза 1992 года.

У 2015 годзе праз фінансавы стан каманда звярталася да заўзятараў з просьбай аб 3G-мадэме для трансляцыі кубкавага матчу. Таксама фанаты каманды скідваліся, каб набыць гульцам форму.

У 2016-м акцыі каманды набыла фірма «Sohra Overseas» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якая належыць нарадзінцу Берасцейшчыны, прадпрымальніку Аляксандру Зайцаву, які раней працаваў у прэм’ера Сяргея Сідорскага і быў памочнікам Віктара Лукашэнкі.

Пасля справы каманды значна палепшыліся, а кантракт з клубам падпісаў нават легендарны Д’ега Марадона.

«У дзяцінстве заўзеў за берасцейскае «Дынама». Стала крыўдна за становішча справаў у клубе. Гэта была даніна дзяцінству, калі хочаце», – прызнаваўся Аляксандр Зайцаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў