Bellingcat і The Insider назвалі сапраўднае імя аднаго з падазраваных у атручванні Скрыпалёў


Злева – здымак з пашпарту Чапігі, пасярэдзіне – здымак з пашпарту Башырава. Справа – здымак Башырава, які апублікавала Вялікая Брытанія

Bellingcat і The Insider у новай, трэцяй частцы свайго супольнага расследавання сцвярджаюць, што сапраўднае імя Руслана Башырава – Анатоль Чапіга.

Вынікі іхнага даследавання пацвярджае BBC, чые журналісты вывучылі некалькі базаў дадзеных, атрыманых з ананімных крыніцаў.

Анатоль Чапіга нарадзіўся ў Амурскай вобласці. Ён скончыў Далёкаўсходняе вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча (ДВОКУ) і паступіў на службу ў 14-ю брыгаду спецназа ГРУ. Чапіга тройчы быў у камандзіроўцы ў Чачэніі і мае званне палкоўніка. У 2014 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў яму званне Героя Расеі за ўдзел у міратворчай місіі. The Insider мяркуе, што пад міратворчай місіяй імаверна маюцца на ўвазе вайсковыя дзеянні ўва Украіне.

Усталяваць асобу Чапігі выданні змаглі пасля вывучэння звестак пра выпускнікоў ДВОКУ, вучэльні, якая рыхтуе супрацоўнікаў ГРУ для аперацыяй за мяжой – між іншым, у ёй інтэнсіўна вывучаюць замежныя мовы.

Прыкладна ведаючы ўзрост Башырава, The Insider і Bellingcat прагледзелі фотаздымкі выпускнікоў ДВОКУ 2001–2003 гадоў. На адным з іх, зробленым у Чачэніі, удалося знайсці чалавека, які аддалена нагадвае Башырава. І хаця здымак не дазволіў зрабіць высноваў, ён стаў дадатковай нагодай шукаць Башырава менавіта сярод выпускнікоў вучэльні

Паводле выдання, асобу Чапігі пацвердзіў здымак, які ўдалося знайсці ў сістэме «Расейскі пашпарт».

Гіпотэзу пацвердзіла выпіска з сістэмы «Расейскі пашпарт» 2014 года

У папярэдніх расследаваннях выданні пацвердзілі дачыненне Башырава і Пятрова да спецслужбаў і распавялі пра іхныя апошнія замежныя камандзіроўкі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары