«Белавія» запусціць рэйс на іспанскае ўзбярэжжа – у Рэус


Пачынаючы з чэрвеня турысты змогуць скарыстацца прамым рэйсам з Менску ў іспанскі аэрапорт Рэус, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Міжземнага мора, паведамляе авіякампанія «Белавія».

Кампанія ўжо выставіла на продаж квіткі на наўпроставы рэйс у Рэус. Ён знаходзіцца ўсяго ў 7,5 км ад гораду Таррагона ў Каталоніі і часта выкарыстоўваецца як альтэрнатыва аэрапорту Барселоны – адлегласць паміж імі складае 88 км. Гэты аэрапорт лічыцца самым зручным для тых, хто выбірае для адпачынку іспанскае ўзбярэжжа Коста-Дарада.

Пачатак палётаў запланаваны на 4 чэрвеня. Потым рэйсы будуць лятаць двойчы на ​​тыдзень па чацвяргах і нядзелях з вылетам з Менску а 08.45. Час у шляху займае каля 4 гадзін.

Кошт у адзін бок па тарыфе Light стартуе ад 105 еўраў, зваротны квіток – ад 218 еўраў.

Акрамя таго, з 2 чэрвеня «Белавія» запускае наўпроставы рэйс у казахскі аэрапорт Актау, адкуль можна лёгка дабрацца да ўзбярэжжа Каспійскага мора. Рэйсы ў Актау будуць выконвацца тройчы на ​​тыдзень, у 22.15, па аўторках, пятніцах і нядзелях. Патрапіць у Актау можна будзе за 3 гадзіны і 124 еўры ў адзін бок. Зваротны квіток каштуе ад 196 еўраў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў