Арганізацыі «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт заклікаюць правесці расследаванне па факце сістэматычных катаванняў мірных грамадзянаў у Беларусі пасля 9 жніўня.
Беларускія праваабаронцы накіравалі ў Камітэт па правах чалавека ААН 47 скаргаў ад беларусаў, якія пацярпелі ад катаванняў. Яны прадставілі доказы, што цягам некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, па ўсёй краіне супрацоўнікі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь у розных установах праваахоўнай сістэмы наўмысна прычынялі моцны боль, а таксама фізічныя і маральныя пакуты грамадзянам.
Шматлікія сведчанні пацярпелых указваюць на тое, што іх падвяргалі катаванням і жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню, у тым ліку: абражалі, збівалі дубінкамі, катавалі, прычынялі цялесныя пашкоджанні (пераломы, раненні, шырокія гематомы), білі электрашокерамі і гумовымі кулямі, распылялі газ з балончыкаў у замкнёных прасторах з грамадзянамі, якія знаходзяцца ў іх, прымушалі гадзінамі стаяць у распранутым выглядзе на каленях на асфальце, пагражалі ўжываннем зброі, сексуальным гвалтам, пазбаўлялі сну, сродкаў гігіены, ежы і вады, адмаўлялі ў аказанні медычнай дапамогі і прадастаўленні неабходных медыкаментаў і г. д.
Акрамя таго, затрыманыя ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах: у камерах, разлічаных на 4-6 чалавек, змяшчалася да 40 чалавек адначасова, у тым ліку грамадзяне з пацверджаным вірусам COVID-19.
Да пацярпелых таксама масава ўжываліся меры псіхалагічнага ціску: прымус выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і бесперапыннага выкрыквання лозунгаў, патрабаванні ўстаць на калені, патрабаванні прызнаць лаяльнасць і перавагу дзейнай улады і праваахоўных органаў, абразы на глебе палітычных поглядаў і інш.
Паводле звестак праваабаронцаў, агулам больш за 7500 чалавек былі затрыманыя ў жніўні 2020 года. Каля 500 чалавек заявілі пра катаванні або надзвычай жорсткае абыходжанне.
КТ belsat.eu