Беларускія добраахвотнікі стварылі ва Украіне Беларускую вайсковую раду


Непадалёк ад беларускай мяжы, ва ўкраінскім Чарнігаве, на гэтых выходных адбыўся першы ўстаноўчы сход Беларускай вайсковай рады. Байцы-добраахвотнікі, што ўдзельнічаюць у Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе і маюць альбо беларускі пашпарт, альбо беларускае паходжанне, вырашылі аб’яднацца, каб разам бараніць свае інтарэсы і дапамагаць адзін аднаму.

У Чарнігаў з’ехаліся каля 30 беларускіх байцоў АТА, агулам яны прадстаўляюць 120 чалавек. Чальцы Рады з прычынаў бяспекі не пусцілі журналістаў на сход, але пазней яны выступілі з заявай для прэсы.

ЯН МЕЛЬНІКАЎ, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК ВА УКРАІНЕ:

«Перад намі стаіць мэта стварыць не баявое падраздзяленне, а зрабіць арганізацыю, якая будзе займацца каардынацыяй, дапамогай у любых пытаннях. У тым ліку матэрыяльнага забеспячэння, маральнай рэабілітацыі, дапамогі з дакументамі і рэгістрацыяй».

Хоць афіцыйна замежнікі могуць удзельнічаць у баявых дзеяннях на баку Украіны, у пытаннях экіпіроўкі або ежы на лініі фронту ўкраінская дзяржава не дапамагае беларускім добраахвотнікам. Шмат што трымаецца на валанцёрах, як і два гады таму.

ЗУБР, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК ВА УКРАІНЕ:

«Зброя, нейкая ежа ды іншыя рэчы – гэта асабіста вайсковыя камандзіры, якія на «перадке», і дабраахвотнікі, якія разам там стаяць, яны вырашаюць, як спісаць і даць добраахвотнікам».

Беларусы-добраахвотнікі ехалі на неабвешчаную вайну альбо адзінкамі, альбо малымі групамі.

ЗУБР, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК ВА УКРАІНЕ:

«Я пару тыдняў таму сустрэў у акопе за 150 метраў на пазіцыі беларуса. І тое, пачуў ад украінца, што там ёсць беларус. То бок падышоў – пазнаёміліся. Больш за два гады ідзе вайна, а беларусы, якія тут спачатку, яны не выходзілі на сувязь ні з кім».

СЯРГЕЙ БАГУКАЛЕЦ, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК ВА УКРАІНЕ:

«Гэта пераважна добраахвотніцкія часткі. «Правы Сектар», «Азоў», ОУН. Сярод вайскоўцаў Узброеных сілаў шмат беларусаў, але яны або не лічаць сябе беларусамі, або лічаць сябе беларусамі, але гэта хаваюць».

Адна з мэтаў Беларускай вайсковай рады – выйсці на афіцыйны ўзровень камунікацыі з украінскай уладай, каб дапамагаць сваім чальцам. Каб тыя маглі дапамагаць Украіне абараняцца ад расейскай гібрыднай агрэсіі.

ЯН МЕЛЬНІКАЎ, БЕЛАРУСКІ ДОБРААХВОТНІК ВА УКРАІНЕ:

«Толькі годна ўзброены супраціў спыніць акупантаў і іх амбіцыі. Таму я знаходжуся тут, каб ва Украіне вайны не было».

Ці ствараць асобнае вялікае добраахвотніцкае фармаванне з беларусаў на ўкраінскай тэрыторыі – гэтае пытанне Беларуская вайсковая рада пакінула на будучыню.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў