Беларускі блогер Улад Мага збег у Арменію. Ён баіцца помсты Азербайджану


Улад Мага

Стала вядома, дзе вырашыў схавацца блогер Улад Мага (Уладзіслаў Масэсаў). У сваім новым відэа ён распавёў, што знаходзіцца ў Арменіі пад абаронай уладаў.

14 ліпеня на сваім YouTube-канале беларускі відэаблогер з армянскімі каранямі Уладзіслаў Масэсаў (ён жа – Улад Мага) апублікаваў зварот, у якім паведаміў, што ягонае жыццё можа быць у небяспецы. Паводле яго Азербайджан абвесціў яго ў вышук праз тое, што ён зняў відэаблог пра Азербайджан і наведаў Нагорны Карабах. Масэсаў сцвярджае, што пасля публікацыі гэтага відэа ён пачаў атрымліваць пагрозы. У мэтах бяспекі блогер пакінуў Беларусь.

Сёння на сваім YouTube-канале Улад Мага размясціў яшчэ адно відэа, у якім паведаміў, што ён знаходзіцца ў Арменіі.

Гэта пацвярджае і пост армянскага палітолага, спецыяліста па інфармацыйнай бяспецы Тыграна Качар’яна.

«З Уладзіславам Масэсавым (Улад Мага), аўтарам нашумелага роліка пра суседнюю дзяржаву, ужо ўсё добра, жывы-здаровы і даволі сыты», – напісаў Качар’ян.

Сам жа Улад Мага сцвярджае, што невядомыя людзі пачалі пра яго распытваць па месцы жыхарства.

«Яны прыйшлі проста на мой раён, у мой гарадок і хадзілі пыталіся ў людзей, ці ведаюць яны такога Уладзіслава Масэсава, дзе жывуць ягоныя сябры, дзе жывуць ягоныя сваякі», – распавядае ў відэа Улад Мага.

У той жа час, як паведамляе выданне 1news.az, прэс-сакратар МЗС Арменіі Тыгран Балаян сказаў, што Ерэван чакае ад Беларусі крокаў па абароне бяспекі беларускага блогера армянскага паходжання, «якому, паводле яго слоў, пагражае небяспека» пасля візіту ў Азербайджан.

Тады ж на сітуацыю адрэагавала і МЗС Азербайджану.

«Міністэрства замежных справаў Арменіі і спецслужбы гэтай краіны знаходзяцца ў гэтак бязвыхадным становішчы, што ўжо пачалі супрацоўнічаць з клоўнамі. Адносна ж нейкага блогера, здаецца, ён пакутуе на мегаламанію. У нас няма часу займацца гэткімі несурʼёзнымі справамі», – заявіў кіраўнік прэс-службы МЗС Азербайджана Хікмет Гаджыеў.

Афіцыяльнай інфармацыі пра знаходжанне беларускага блогера ў вышуку няма.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары