Беларусам абмяжуюць магчымасці бязмытнага ўвозу тавараў з 2019 года


У Беларусі змяншаецца маса і кошт тавараў, якія бязмытна можна ўвозіць у краіну. Такое рашэнне 1 лістапада прыняў Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У сувязі з прынятымі зменамі, з 1 студзеня 2019 года ў Беларусь (як і іншыя краіны ЕАЭС) можна будзе ўвозіць тавары не даражэй за 500 еўра з агульнай вагой не больш за 25 кілаграмаў.

Нагадаем, што 29 сакавіка ўступіла ў сілу рашэнне Савету ЕЭК № 107, дзе гаворыцца пра зніжэнне нормы бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстання. Згодна з ім, да канца 2018 года жыхары краін ЕАЭС, якія вандруюць наземным транспартам, могуць прывозіць тавары на 1500 еўра і да 50 кілаграмаў.

З 2019 года нормы мусілі паступова ісці ў бок паніжэння. Так, ужо ў наступным годзе меркавалася дазволіць увозіць 50 кілаграмаў, але на суму не больш за 1000 еўра. У 2020-м – сумкі турыстаў мусілі схуднець да 35 кілаграмаў, а рэчы ў іх патаннець да 750 еўра. А вось у 2021 годзе прывозіць можна было б толькі 25 кілаграмаў тавараў не болей чым на 500 еўра. Такім чынам, абмежаванні, якія планавалася ўвесці толькі ў 2021 годзе, уступяць у сілу ўжо з 2019-га.

Калі тавар будзе правозіцца звыш ліміту, давядзецца заплаціць мыту ў памеры 30% ад кошту тавару, але не менш за 4 еўра за кожны лішні кілаграм. Гэтыя нормы не распаўсюджваюцца на асабістыя рэчы, якія людзі ўзялі з сабой у дарогу.

А вось ліміты на алкаголь з 2019 года не змяняюцца – не больш за 3 літры, у тым ліку піва, на аднаго паўналетняга чалавека. Пры ўвозе большых аб’ёмаў трэба заплаціць 10 еўра за кожны лішні літр. Правозіць больш за пяць літраў на аднаго чалавека забаронена.

МГ.

Стужка навінаў