Беларусь закрывае наземную мяжу на выезд, афіцыйна з-за каронавіруса


Афіцыйны Менск уводзіць часовую забарону на выезд праз наземныя пункты пропуску для грамадзянаў краіны і асобаў, якія маюць у Беларусі сталы від на жыхарства. Афіцыйна захада прымаецца ў мэтах перадухілення распаўсюджвання ў краіне COVID-19. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савету міністраў № 705 ад 7 снежня 2020 года. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Забарона пачне дзейнічаць праз 10 дзён пасля публікацыі.

Абмежаванні на выезд з Беларусі будуць дзейнічаць на наземных пунктах пропуску. Пакінуць тэрыторыю Беларусі можна будзе авіятранспартам, забарона не распаўсюджваецца на Нацыянальны аэрапорт Менск-2.

Беларуская памежніца чакае пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце Менск, 19 сакавіка 2020 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Выезд на працу ці вучобу за мяжу, для асобаў, якія маюць від на жыхарства ў іншай краіне, будзе дазволены не часцей за адзін раз на працягу шасці месяцаў.

Таксама новыя правілы ўводзяць абмежаванні і для замежнікаў, якія хочуць прыехаць у Беларусь. Замежным грамадзянам, якія прыбываюць у Беларусь, неабходна будзе мець пры сабе даведку, якая пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19. ПЦР-тэст павінен быць зроблены не пазней трох содняў да даты перасячэння мяжы. Адсутнасць медычнага тэсту зʼяўляецца нагодай для адмовы ва ўездзе ў Беларусь.

Датэлефанавацца на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, каб распытаць пра падрабязнасці рэалізацыі апошняй пастановы Саўміну, немагчыма. Гэта не атрымалася ані ў журналістаў «Белсату», ані ў нашых чытачоў.

AA belsat.eu

Стужка навінаў