Беларусь упершыню вылучыць фільм на «Оскар»

ВІДЭА

Беларусь упершыню ў сучаснай гісторыі вылучае сваю карціну на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы замежны фільм». Пра гэта стала вядома 30 чэрвеня падчас сусветнай прэм’еры фільма Дарʼі Жук «Крышталь» на кінафестывалі ў Карлавых Варах.

Дзеянні карціны адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. Маладая дзяўчына-дыджэй марыць зʼехаць у Амерыку, але робіць памылку ў заяве на візу. Цяпер яна вымушаная правесці тыдзень у невялікім завадскім мястэчку, каб не пазбавіцца шанцу на выкананне сваёй «амерыканскай мары». У фільме паказана панарама жыцця 90-х: моладзевыя падпольныя вечарыны, стыхійныя рынкі, мары маладых людзей пра эміграцыю і жыццё застылай у часе правінцыі.

Здымкі фільма цалкам праходзілі ў Беларусі. Карціна створана ў сумеснай вытворчасці кінакампаніяў Беларусі, ЗША, Германіі і Расеі. Над фільмам працавала міжнародная здымачная група, галоўныя ролі ў стужцы выканалі расейскія акторы Аліна Насібуліна і Іван Мулін, а таксама актрыса тэатру імя Янкі Купалы Святлана Анікей ды інш.

«Крышталь» быў прадстаўлены ў рамках міжнародных фестываляў у Нью-Ёрку (ЗША), Котбусе (Германія) і Талліне (Эстонія). На апошнім праца Дарʼі Жук атрымала прыз за лепшы кінапраект.

Рэжысёр Дарʼя Жук нарадзілася ў Менску, вучылася і жыве ў ЗША. Скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэт, працавала на канале HBO, зняла некалькі кароткаметражных фільмаў, якія сталі ўдзельнікамі і лаўрэатамі міжнародных кінафестываляў.

Дар’я Жук. Фота – facebook.com/darya1

Выхад фільма «Крышталь» у Беларусі чакаецца 30 жніўня.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Глядзі таксама
Каментары