Беларус са Швейцарыі Алесь Сапега паглядзеў сюжэт «Белсату» пра праблемы вяскоўкі і аплаціў яе даўгі

ВІДЭА

«Людскія справы» пра Наталлю Міхно

У канцы снежня ў праграме «Людскія справы» выйшаў сюжэт пра жыхарку аграгарадку Дзярэчын (Зэльвенскі) Наталлю Міхно, у якой шэсць гадоў таму забралі дзяцей.

«Афіцыйнай падставай стала п’янства. Але я кожны дзень хаджу на працу, п’янай мяне б туды не пусцілі. Апека прыходзіла да мяне, калі сама я была на працы, нешта шукалі ў хаце. А потым мяне выклікалі на камісію, сказалі, што забяруць дзяцей. Пакуль я даехала дамоў, дзяцей ужо забралі – падчас маёй адсутнасці», – распавядае жанчына.

Наталля зарабляе ў калгасе да Br 400 на месяц, але на рукi атрымлiвае толькi 30-40 – астатняе iдзе на аліменты дзяржаве. Жанчыне няма за што купіць дровы на зiму, а электрычнасць ёй абрэзалі праз запазычанасць з аплатай.

«Я падтрымліваю сувязь з дзецьмі, званю ім, стараюся наведваць, – казала Наталля. – Я б вельмі хацела вярнуць іх, але дзеля гэтага трэба падключыць электрычнасць, мець дровы, прадукты ў лядоўні – а як я магу гэта ўсё зрабіць без грошай? Штодня хаджу на працу, плачу падаткі, а жыву як бяздомная».

Гэтая гісторыя атрымала працяг. Пабачыўшы сюжэт на нашым тэлеканале, беларус са Швейцарыі Алесь Сапега вырашыў дапамагчы жанчыне, паведамляе выданне «Газета Слонімская».

«Мне патэлефанаваў нехта Алесь са Швейцарыі і сказаў, што хоча дапамагчы Наталлі Міхно. А пасля мне патэлефанавалі з Бабруйску і цікавіліся, як можна пераслаць грошы, каб пагасіць запазычанасць за электраэнергію», – распавяла старшыня Дзярэчынскага сельсавету Святлана Грынцэвіч.

І дадала, што грошы на рахунак ужо паступілі. Святлана Грынцэвіч 9 студзеня запэўнівала, што хутка электрыкі падключаць электрычнасць Наталлі Міхно.

Алесь Сапега аплаціў 300 рублёў запазычанасці і 97 рублёў за падключэнне.

Алесь Сапега разам з сям’ёй жыве ў Швейцарыі ўжо 11 гадоў. У яго сям’я, чацвёра дзяцей. Беларус займаецца дабрачыннасцю, прыкладаў шмат намаганняў, каб прах знакамітай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл перавезлі ў Беларусь, каб у Швейцарыі з’явіўся помнік Касцюшку.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары