Беларусь патрабуе ад Расеі памножыць яблыкі на апельсіны

ВІДЭА

Усё – у адзін кошык. Беларусь на паўтара мільярда долараў ацаніла страты ад расейскага падатковага манеўру і паставак гэтак званай бруднай нафты. Такі рахунак напярэдадні чарговага важнага этапу перамоваў аб інтэграцыі выставіў намеснік міністра замежных справаў нашай краіны Андрэй Еўдачэнка. Колькі эканомікі ў цалкам, падавалася б, палітычным пытанні яднання ў межах Саюзнай дзяржавы?

Пакуль расейскія СМІ ўкідваюць спрэчныя падрабязнасці аб інтэграцыі Беларусі і Расеі, маўляў, дойдзе ледзь не да канфедэрацыі, з Менску на афіцыйным узроўні ніякае канкрэтнае інфармацыі не гучыць. Міністэрства замежных справаў толькі кажа, што палітычнага яднання не будзе і выстаўляе чарговыя рахункі Крамлю. На гэтым тыдні гаворка – пра паўтара мільярда долараў. З аднаго боку – за сваю брудную нафту Маскве б няблага заплаціць.

Каментуе Валерыя Касцюгова, палітолаг, рэдактарка сайту «Наше мнение»:

«Тое, што датычыць стратаў ад забруджання нафтаправоду «Дружба», ад скарачэння транзіту па тэрыторыі Беларусі і прыбыткаў ад яго, праблемы з бруднаю нафтай нашых НПЗ і зніжэнне выручкі, – так, гэта безумоўныя страты».

Але да гэтага рахунку за атрыманую нашымі нафтаперапрацоўчымі заводамі ў ліпені няякасную нафту Беларусь далучае страты за гэтак званы расейскі падатковы манеўр. У Маскве нават за брудную нафту больш за 100 мільёнаў долараў плаціць не збіраюцца, а калі да гэтага далучаецца палітычны рахунак…

Гаворыць Міхаіл Круціхін, аналітык нафтагазавага рынку, Масква:

«Не, ну гэта абсалютна немагчыма аб’яднаць, ну бо РОЗ-НА-Е. Ёсць падаткі, і ёсць страта ад нейкіх паводзінаў «Транснефти», што не дагледзела якасць нафты. Ну? гэта палітычныя крокі… Гэта, ну… памнажаць яблыкі на апельсіны. Гэта палітыка, а не эканоміка».

Беларусь зарабляе на расейскай нафце дзякуючы пераапрацоўцы атрыманага чорнага золата без экспартных мытаў і прадаючы нафтапрадукты ў іншыя краіны, ужо з улікам кошту гэтых падаткаў, пакідаючы розніцу ў бюджэце. Расея ж паступова абнуляе мыты, што да 2024 года зменшыць паступленні ў айчынны скарб нават на 12 мільярдаў долараў. У Менску наўпрост звязваюць магчымасць далейшай інтэграцыі з далейшымі субсідыямі.

Зянон Пазняк: У іх нічога не атрымаецца. Саюзная дзяржава – фальшыўка

Міхаіл Круціхін:

«Ну калі гэта адна краіна і адная дзяржава, ну то вядома – паводле тарыфаў, як для расейскіх рэгіёнаў, павінныя рэалізоўвацца нафтапрадукты. А калі мы розныя дзяржавы, то тады прэтэнзіі беларускага боку непрымальныя».

Але за гэтымі, на меркаванне расейскіх адмыслоўцаў, нахабнымі патрабаваннямі стаіць спрэчная ў сваёй інтэрпрэтацыі, але ўсё ж рэальная дамоўленасць.

Каментуе Леанід Фрыдкін, эканаміст:

«Гэта на меркаванне беларускіх уладаў ёсць парушэннем, калі не літары, то духу Дамовы аб Саюзнай дзяржаве, мэтай якой абвяшчаецца рост дабрабыту краінаў-удзельніц. Ад такіх манеўраў расейскага боку з дабрабытам у нас будзе відавочна напружаная сітуацыя».

Гэта датычыць і газавага пытання. У сераду беларускі міністр энергетыкі рушыў у Расею з чарговай спробай атрымаць для нашай краіны гэтак званую смаленскую цану за расейскае блакітнае паліва. У Маскве нагадваюць, што Смаленская вобласць плаціць падаткі ў расейскі бюджэт, адсюль і цана.

Каментуе Аляксей Калчаў, фінансавы аналітык, Масква:

«Калі б Гомельская вобласць аддавала ўсе грошы ў Расейскую Федэрацыю і адтуль бы атрымлівала датацыі, ну то пэўна кошты на газ там бы былі такія ж, такія ж былі тарыфы ЖКГ, такія ж былі кошты за праезд, такія ж былі заробкі».

Недарэмна, прынамсі з апублікаваных частак інтэграцыйнага плану вынікае, што Расею цікавіць пытанне агульнага падатковага заканадаўства. З гэтага гледзішча Крэмль нібыта ідзе насустрач патрабаванням уладаў Беларусі. Іншая справа, што ўсе гэтыя пытанні меліся б быць вырашаныя ўжо пасля ранейшых інтэграцыйных крокаў.

Расейскі эканаміст Уладзімір Мілоў: Беларусь атрымае субсідыі без страты суверэнітэту

Працягвае Валерыя Касцюгова:

«Нам казалі: давайце зробім агульную газатранспартную сістэму ў выглядзе прыватызацыі «Белтрансгазу». І мы пагаджаліся і… што ў выніку? Мы ўступалі ў ЕАЭС, бо было абяцана, што ў межах ЕАЭС будзе вырашанае нафтагазавае пытанне. І што? Столькі год прайшло».

Паўтара мільярда долараў стратаў сёлета, ледзь не ў дзесяць разоў болей – у бліжэйшую пяцігодку. Удар сурʼёзны, рост эканомікі сёлета практычна спыняецца, а далей Міжнародны валютны фонд прагназуе яе павольны заняпад. Нічога прыемнага, але эканамічнага калапсу не адбудзецца, нават пры самым горшым выніку запланаваных на снежань перамоваў Пуціна і Лукашэнкі, супакойваюць адмыслоўцы.

Эканаміст Леанід Фрыдкін:

«Гэта залежыць ад таго, наколькі ўлады гатовыя не абвесціць народу нічога, акрамя холаду, скарачэння прыбыткаў і суверэнітэту, калі Расея ў сваіх прэтэнзіях зойдзе надта далёка. Насамрэч я думаю, што такі заклік атрымаў бы падтрыманне ў грамадстве».

У вялікім інтэрв’ю для шэрагу акрэдытаваных у Беларусі незалежных выданняў, кіраўнік айчыннай дыпламатыі, вядома, не выступіў з такім прызывам. Але нагадаў, што грамадскасць самая можа абвесціць немэтазгоднасць пагаднення аб інтэграцыі – маўляў, у нас жа існуе інстытут рэферэндуму. Яго, канечне, мог бы традыцыйна ініцыяваць сам Лукашэнка, але ён заявіў:

«Расея – гэта больш чымся краіна. Для беларусаў – тым болей. Гэта ідэалогія, гэтага з мяне не выбіць».

Права на ініцыяцыю рэферэндуму належыць і грамадству – для гэтага трэба прынамсі 450 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі. Можа за гэта ўзяцца і Палата прадстаўнікоў з Саветам Рэспублікі, калі народным абраннікам, вядома, хопіць палітычнае волі.

Усевалад Шлыкаў

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 18.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Глядзі таксама
Каментары