Беларусь панізіла ўзровень удзелу ва Усходнім партнёрстве


Як паведаміў сёння Уладзімір Макей, прычынаю стаў «палітызаваны падыход партнёраў», перадае БелТА.

Адказ на санкцыі

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў, што гэта адказ на санкцыі з боку некаторых краінаў, у тым ліку і Еўрапейскага звязу.

«Вядома, мы не можам пакідаць падобнага роду рэчы без адказу. З нашага боку пашыраны таксама адпаведныя санкцыйныя спісы з уключэннем туды адпаведных асоб з усіх краін Еўразвязу. Мы прапанавалі прыпыніць працу каардынацыйнай групы «Беларусь – Еўразвяз», у рамках якой абмяркоўваліся розныя пытанні нашага ўзаемадзеяння », – растлумачыў Уладзімір Макей.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.
Фота: mfa.gov.by

Сярод іншых захадаў – паніжэнне ўзроўню прадстаўніцтва Беларусі ва «Усходнім партнёрстве».

Гэта азначае, паводле ягоных слоў, што на мерапрыемствах «Усходняга партнёрства» Беларусь будуць прадстаўляць не кіраўнікі міністэрстваў, а іх эксперты. У выпадку правядзення саміту пытанні, якія тычацца Беларусі, хутчэй за ўсё будуць абмяркоўвацца на ўзроўні Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Еўразвязе.

«У прынцыпе мы заўсёды былі настроены, настроены і будзем настроены на тое, каб санкцыйная рыторыка сыходзіла з нашага парадку дня. Але, на жаль, дзеянні нашых партнёраў не пакідаюць нам нічога іншага, акрамя як адэкватна рэагаваць на гэтыя негатыўныя крокі ў дачыненні да Беларусі. Яшчэ раз паўтаруся: ня мы былі ініцыятарамі гэтых крокаў. Мы толькі адэкватна рэагуем на тыя негатыўныя заявы і канкрэтныя дзеянні нашых заходніх партнёраў, звязаныя з умяшаннем ва ўнутраныя справы Беларусі», — кажа Макей.

Hавiны
Еўразвяз увёў санкцыі супраць Лукашэнкі
2020.11.06 18:14

Блеф афіцыйнага Менску

Але эксперты схільныя меркаваць, што гэткія паводзіны беларускага знешнепалітычнага ведамства – не больш чым блеф.

«Як палітычны сігнал навіна можа стаць моцнай. А вось як эканамічны складнік – удзел ва Усходнім партнёрстве вельмі пераацэнены актывістамі трэцяга сектару. Для іх палітыка ЕЗ у бок краінаў былога СССР надзвычай важная, для ўладаў – не. І такое рашэнне можна назваць, з аднаго боку, канстатацыяй факта, з іншага, палітыкай пад’ёму ставак. У той жа час, калі паглядзець на практычны аспект удзелу Беларусі ў Усходнім партнёрстве за мінулыя 4 гады (з моманту актывізацыі ўдзелу), канкрэтных рэзультатаў ня так багата», – падкрэслівае палітолаг Вольга Харламава.

Сцягі Еўразвязу.
Фота: consilium.europa.eu

Яна зазначае, што пасля пачатку актыўнай фазы палітычнага крызісу ды ўвядзенне першых санкцый, форумы Ўсходняга партнёрства, як і менш прадстаўнічыя пляцоўкі, заснаваныя ў межах гэтае палітыкі, маглі стаць месцам абмеркавання «беларускага пытання».

Але афіцыйны Менск сам пайшоў на абвастрэнне заявіўшы што сам паніжае «узровень удзелу».

«Першае, на што разлічвае атачэнне Лукашэнкі – фармат вяртанне. Адна справа калі цябе «папрасілі не ехаць», другая – калі ты не паехаў сам. Магчымая ініцыятыва па вяртанні на ранейшы ўзровень камунікацыі (у патрэбны момант) будзе ўспрынятае еўрапейскімі чыноўнікамі як пазітыўны сігнал. І дадатковых патрабаванняў да дыялогу можа ня быць», – кажа адмыслоўца.

Вольга Харламава перакананая: дадзенае рашэнне – гэта спроба блефу. Пасля стабілізацыі сітуацыі і пачатку палітыкі «продажу дыялогу па канстытуцыі» краінам ЕЗ, беларускі МЗС пацешыць навіною пра рашэнне вернуцца да старога фармату працы ў межах Усходняга партнёрства.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў