Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што нашая краіна гатовая ў бліжэйшы час накіраваць свайго амбасадара ў ЗША, паведамляе TUT.by.
«Мы з свайго боку можам накіраваць нашага прадстаўніка ў бліжэйшы час. У бліжэйшы час – гэта некалькі месяцаў, таму што трэба выконваць шэраг тэхнічных умоваў», – заявіў Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.
Паводле кіраўніка дыпламатычнага ведамства нашай краіны, Беларусь пакуль не атрымала афіцыйнага запыту ад амерыканскага боку з нагоды прызначэння паслом ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
«Зыходзячы з таго, што мы прачыталі ў СМІ, амерыканскі бок мае намер у бліжэйшы час накіраваць свайго амбасадара ў Беларусь. Калі гэта здарыцца, то гэта сведчыць, што ЗША зацікаўленыя ў найхутчэйшай нармалізацыі адносінаў з Беларуссю», – дадаў Уладзімір Макей.
Пра абмен пасламі Беларусь і ЗША заявілі ўлетку 2019-га. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа падчас візіту ў Менску 1 лютага пацвердзіў хуткае прызначэнне амбасадара.
У Беларусі амбасадара ЗША няма з 2008 года.
СК belsat.eu