Стала вядома, хто можа стаць амбасадарам ЗША ў Беларусі


Сцяг ЗША лунае над амерыканскай амбасадай у Менску. 24 студзеня 2020 года. Фота – Наталля Фядосенка /TASS / Forum

Амерыканскую амбасаду ў Менску, хутчэй за ўсё, узначаліць дасведчаная спецыялістка ў пытаннях Усходняй Еўропы і NATO, падае «Foreign Policy» са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Як распавялі выданню «людзі, добрая знаёмыя з пытаннем», адміністрацыя Дональда Трампа імаверна прызначыць паслом ЗША у Беларусі дасведчаную дыпламатку Джулі Фішэр, якая займае цяпер пасаду намесніцы памочніка дзяржсакратара па справах Заходняй Еўропы і Еўразвязу.

Ветэранка Дзярждэпу

Джулі Фішэр атрымала дыплом магістра ў Цэнтры Ўілсана Прынстанскага ўніверсітэту і вывучала праблематыку Расеі і Усходняй Еўропы ва Універсітэце Паўночнай Караліны.

У 2011–2013 гадах Фішэр служыла намесніцаю дырэктара офісу генеральнага сакратара NATO, дзе займалася пытаннямі Паўночнай Амерыкі, балтыйскіх краінаў, аперацыйнай палітыкай ды пытаннямі абароны і стрымлівання.

У яе паслужным спісе – праца ў амбасадах ЗША ў Тбілісі, Кіеве і Маскве.

Намесніца памочніка сакратара Бюро па справах Еўропы і Еўразіі Дзярждэпу ЗША Джулі Фішэр. Фота – state.gov

Пасля працы ў Савеце нацыянальнай бяспекі, дзе яна займалася справамі Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі, Фішэр заняла крэсла дырэктара аператыўнага цэнтру Дзярждэпартаменту. Гэтае ведамства 24 гадзіны на содні адказвае за сувязь паміж дзяржсакратаром і працаўнікамі міністэрства па ўсім свеце, а таксама развязвае крызісныя сітуацыі.

Пазней Фішэр кіравала штабам намесніка дзяржсакратара па пытаннях упраўлення і рэсурсаў, задачамі якога была кадравая палітыка, пытанні інфармацыі і бяспекі на амерыканскіх аб’ектах за мяжой.

Перадапошнім месцам службы Фішэр была пасада намесніцы пастаяннага прадстаўніка місіі ЗША па падрыхтоўцы да брусельскага саміту NATO і пераездзе са штаб-кватэры Альянсу ў Парыжы ў Брусель .

Дыпламатка валодае расейскай, французскай і трошкі гаворыць па-грузінску.

Каб узначаліць амбасаду ў Беларусі, Фішэр спатрэбіцца намінацыя прэзідэнта і зацверджанне яе кандыдатуры Сенатам.

Hавiны
Макей: Мы віталі б больш актыўную ролю ЗША ў Беларусі
2020.02.01 13:23

Пра абмен пасламі Беларусь і ЗША заявілі ўлетку 2019-га. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэа падчас візіту ў Менску 1 лютага пацвердзіў хуткае прызначэнне амбасадара.

У Беларусі амбасадара ЗША няма з 2008 года.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў