Беларусь атрымала гуманітарную дапамогу з Літвы, а сама дапамагае Украіне


У той час, як суседнія краіны дапамагаюць Беларусі змагацца з каронавірусам, афіцыйны Менск сам дасылае гуманітарную дапамогу.

7 ліпеня з Літвы ў Беларусь выехала гуманітарная дапамога – вырабленыя ў Літве ахоўныя сродкі, неабходныя для барацьбы з COVID-19. Гуманітарная дапамога прызначана Беларусі рашэннем ураду Літвы ад 3 чэрвеня, у якасці рэакцыі на просьбу суседняй дзяржавы аб міжнароднай гуманітарнай дапамозе ў мэтах барацьбы з COVID-19, паведамляе сайт прэзідэнта Літвы.

Літоўская дапамога Беларусі.
Фота: urm.lt

За 50 тыс. еўра ў ЗАТ «Bio Circle Balticum» былі набытыя 16 800 літраў дэзынфекцыйнай вадкасці, а ў ЗАТ «Interscalit» – 8 400 аднаразовых халатаў.

Між тым кіраўнік Беларусі вырашыў аказаць гуманітарную дапамогу Украіне для ліквідацыі наступстваў паводкі, ад якой 23–25 чэрвеня пацярпелі пяць вобласцяў суседняй краіны.

Калона МНС Беларусі.
Фота: mchs.gov.by

Груз быў сфармаваны ў самыя кароткія тэрміны і адправіўся з тэрыторыі Рэспубліканскага атраду спецыяльнага прызначэння МНС раніцай 8 ліпеня, паведамілі ў міністэрстве.

Па просьбе ўкраінскага боку Беларусь накіруе ў пацярпелыя раёны дзве электрастанцыі, мотапомпы, намёты, больш за 1500 пажарных напорных рукавоў рознага дыяметру, індывідуальныя ахоўныя камплекты для ліквідацыі наступстваў паводкі. Агульная маса грузу 30 тон. Яго фармавалі МНС, «Белнафтахім», ПТУП «АзотХімФортыс».

Плануецца, што беларуская дапамога прыбудзе ў Львоў 8 ліпеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў