«Баюся за сына». Жыхарка Магілёва распавяла пра ціск на вязняў у Аршанскай калоніі


фота n1.by

У рэдакцыю belsat.eu звярнулася жыхарка Магілёва, чый cын адбывае пакаранне ў калоніі №8 у Воршы, дзе паводле словаў жанчыны, на яго аказваюць псіхалагічны і фізічны ціск.

Жанчына назвалася Людмілай Уладзіміраўнай і паскардзілася на тое, што апошнім часам ад сына з калоніі не прыходзілі лісты.

«І раптам прыходзіць ліст не з калоніі, а з іншага, грамадзянскага адрасу. Сын распавёў, што адміністрацыя прымушае асуджаных падпісваць нейкія дакументы, а за адмову змяшчаюць у штрафны ізалятар. У ізалятары ўсяляк здзекуюцца, не выдаюць пасцельную бялізну, кубкі, не выводзяць на вуліцу, лісты і перадачы забароненыя. Упэўненая, ёсць фізічнае ўздзеянне, але сын не піша, баіцца мяне расстройваць», – сцвярджае яна.

«Сын і ўсе, хто там знаходзіцца, просяць дапамогі. У калоніі мне нічога не тлумачаць».

Жанчына кажа, што звярталася за тлумачэннямі ў Дэпартамент выканання пакаранняў, але там «адмовіліся прымаць якія-кольвек меры».

Назваць імя і прозвішча сына, а таксама артыкул, па якім ён сядзіць, Людміла Уладзіміраўна адмаўляецца, бо баіцца, што праз публічнасць ціск можа ўзмацніцца.

Валянцін Стэфановіч, фота “Белсат”

Мы распыталі намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, як часта даводзіцца паступаюць скаргі на кепскае стаўленне да вязняў у беларускіх турмах, а таксама што рабіць сваякам зняволеных, якія сутыкнуліся з ціскам.

«З ціскам на вязняў мы сутыкаемся даволі часта. І на вялікі жаль, здараецца так, што скаргі трапляюць да праваабаронцаў занадта позна. Ёсць выпадкі, што ў выніку нейкіх дзеянняў адміністрацыі вязні людзі паміраюць у турме. І тады пачынаецца: справы то адкрываюць, то закрываюць, гэта можа цягнуцца гадамі. Да суду ўдалося давесці толькі справу Ігара Пцічкіна. Таму вельмі важна рэагаваць своечасова», – гаворыць Стэфановіч.

Маці забітага ў СІЗА: Я перамагла, бо дапамог «Белсат»

Праваабаронца прапануе сваякам зняволеных, што скардзяцца на ціск, зрабіць наступныя крокі:

Па-першае, варта звярнуцца ў праваабарончую структуру, напрыклад – ПЦ «Вясна».

Па-другое, неабходна пісаць скаргі ў пракуратуру па месцы знаходжання калоніі, бо пракурор мае права інспектаваць папраўчую ўстанову, каб даведацца пра сітуацыю або канфлікт.

Па-трэцяе, галоснасць можа спрацаваць у плюс. Праваабаронцы раяць звяртацца да журналістаў па інфармацыйную падтрымку.

Па-чацвертае, можна задзейнічаць міжнародныя ўстановы. Калі ад асуджаных паступаюць звесткі аб катаваннях, сваякам варта накіраваць адпаведны зварот у Камісію супраць катаванняў пры ААН. У сваю чаргу, Камісія звяртаецца ў МЗС Беларусі, дзе абавязаныя прадставіць рэлевантную інфармацыю. Потым зафіксаваныя выпадкі катаванняў спецдакладчык уключае ў справаздачу.

Што тычыцца «прымусу падпісваць нейкія дакументы», то гаворка, хутчэй за ўсё, вядзецца аб пісьмовым абавязальніцтве выконваць рэжым калоніі. Як тлумачыць Валянцін Стэфановіч, у гэтым дакуменце першапачаткова няма нічога страшнага.

«Праблема ў тым, што гэтыя паперы ўтрымліваюць стандартную фармулёўку кшталту »я цалкам прызнаю сваю віну«, але ёсць асуджаныя, якія лічаць сябе невінаватымі. Калі чалавек настойвае на сваёй невінаватасці і адмаўляецца падпісвае гэтае пагадненне, яго адразу адпаведна атэстуюць – «асоба не стала на шлях выпраўлення». Фактычна, людзей караюць ізалятарам за адмову прызнаць віну».

***

Паводле афіцыйнай статыстыкі на сайце Вярхоўнага суда, па стане на першае паўгоддзе 2018 году ўсяго па крымінальных справах асуджана 20 236 чалавек. Пры гэтым 4 951 з іх накіраваныя ў месцы пазбаўлення волі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары