У Сенатарскай залі гарадзенскага Новага замку адбыўся баль у стылі сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На закрытую імпрэзу прайшоў фатограф «Белсату».
На баль эпохі рамантызму прыехалі аматары танцаў з усёй Беларусі. Удзельнікі адказна падышлі да падрыхтоўкі свайго выгляду.
«Дама павінна быць апранутая ў ніжнюю кашулю, карсет, панталоны, панчохі ды ў абутак на абцасе. Зверху апранаецца сукенка. Абавязковым атрыбутам як для дам, так і для кавалераў, з’яўляюцца пальчаткі. У тую эпоху, танчыць без пальчатак, лічылася дурным тонам» – распавядае ўдзельніца балю Іна Галаванёва. – «Касцюмы павінныя быць пашытыя з бавоўны і шоўку, тады яны становяцца больш падобнымі на аўтэнтычныя». – дадала Іна.
Дамскія прычоскі таксама павінны адпавядаць эпосе – ніякіх распушчаных валасоў ды хвастоў.
З мужчынскім вонкавым выглядам усё значна прасцей – апранаецца кашуля, завязваецца гальштук, можа прысутнічаць камізэлька, а зверху – фрак. Штаны ды пантофлі для балю не адрозніваюцца асаблівасцю ад паўсядзённых.
Найбольш папулярнымі на бале былі вальс, кадрыль і полька.
МД