Баевікі ЛНР пахваліліся ўзбраеннем падчас «поўнамаштабных артылерыйскіх вучэнняў»

ВІДЭА

Прарасейскія сепаратысты з самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі правялі вайсковыя манеўры, якія яны назвалі «поўнамаштабнымі артылерыйскімі вучэннямі». Паводле сепаратыстаў, сцэнар манеўраў меў абарончы характар.

У чацвер атаку ўмоўнага праціўніка вучыліся адбіваць каля 300 баевікоў. Падчас практыкаванняў былі задзейнічаныя дзясяткі адзінак баявой тэхнікі – бронетранспарцёраў, самаходных артылерыйскіх установак і мінамётаў.

Паводле камандзіра паўстанцаў Уладзіміра Бабцова, усе мэты вучэнняў былі дасягнутыя.

«Пяхота і артылерыя паспяхова выканалі ўсе задачы», – заявіў Бабцоў.

Паўнамаштабныя вайсковыя вучэнні ў чэрвені ўпершыню правяла самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка.

Летась пад Данецкам прайшлі супольныя вайсковыя вучэнні сепаратыстаў з абедзвюх «рэспублік».

15 верасня 2017 года. Вайсковыя вучэнні ДНР і ЛНР пад Данецкам. Фота – Alexander Ermochenko/Reuters/Forum

З моманту абвяшчэння Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» на ўсходзе Украіны было забіта каля 10 тысячаў асобаў. Менскія дамовы, падпісаныя тры гады таму, не спынілі канфлікт: Украіна і сепаратысты абвінавачваюць адзін аднаго ў штодзённым парушэнні рэжыму агню.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары