Арменія мае намер дамагчыся спынення паставак беларускай зброі ў Азербайджан


Паланэз на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч.

Арменія мае намер дамагчыся таго, каб афіцыйны Менск перастаў прадаваць Азербайджану зброю. Пры гэтым Ерэван не выключае магчымасць таго, што сам зацікавіцца купляй беларускага ўзбраення. Пра гэта журналістам паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран.

«Мы чакаем, што Беларусь больш не будзе прадаваць зброю Азербайджану. Мы не хочам, каб зброя, якую прадае Беларусь, апынулася ў руках Азербайджану, у якога ваенныя планы – аж да таго, каб апынуцца ў Ерэване», – заявіў Грыгаран.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Арменіі адзначыў, што практычна ўвесь склад новага ўраду працуе ў гэтым кірунку.

«І прэм’ер-міністр Нікол Пашынян, і кіраўнік МЗС, і я, усе нашы дзяржаўныя чыноўнікі са сваймі беларускімі калегамі абмяркоўваюць гэтае пытанне. І праз час мы, спадзяюся, да гэтага прыйдзем – у нашых доўгатэрміновых планах дамагчыся таго, каб Менск перастаў прадаваць зброю Баку», – дадаў Грыгаран.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Арменіі таксама паведаміў, што не выключана і верагоднасць таго, што Ерэван зацікавіцца купляй узбраення ў Менску.

Нагадаем, у красавіку стала вядома, што Азербайджан вырашыў набыць беларускія высокадакладныя ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз». Ерэван выказаў незадаволенасць гэтай здзелкай, тым больш што Арменія і Беларусь зʼяўляюцца сябрамі адной ваеннай арганізацыі – АДКБ.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Глядзі таксама
Каментары