Банкрутаў менш, але ці гэта сведчанне здароўя эканомікі?


Сяргей Пінчук. Фота: Facebook

У першым квартале сёлета колькасць справаў аб банкрутах у параўнанні з адпаведным перыядам летась скарацілася прыкладна на чвэрць. Ці тое, што працэдураў банкруцтва менш, сведчыць пра лепшы стан эканомікі – у размове з «Белсатам» тлумачыць Сяргей Пінчук, антыкрызісны кіраўнік.

Сяргей Пінчук.
Фота: Facebook

Сяргей Пінчук, антыкрызісны кіраўнік кажа, што істотнае змяншэнне колькасці працэдураў аб банкруцтве ў Беларусі залежыць адразу ад некалькіх чыннікаў. І яны не звязаныя з тэндэнцыямі ў краіне, ці з эканамічным cамаадчуваннем прадпрыемстваў. Гэта статыстычнае адлюстраванне некалькі фактараў.

«Па-першае, у 2018 годзе адмянілі адказнасць за нясвоечасовы зварот у суд пра сваё банкруцтва. Калі раней уласнікі і менеджары беглі ў эканамічны суд пад страхам субсідарнай адказнасці ў выпадку, калі яны прапусцяць адведзеныя заканадаўствам тэрміны, то Дэкрэт № 7 зняў адказнасць за нясвоечасовы зварот. Таму цяпер расце колькасць арганізацыяў, папросту пакінутых заснавальнікамі. Іх не даводзяць да фінальнага канца і працэдуру банкруцтва, а проста пакідаюць фірмы. Таму цяпер часцей ініцыятарамі працэдуры банкруцтва выступаюць крэдыторы. Але і крэдыторам дастаткова складана і дорага распачынаць працэдуры. Таму атрымліваецца сітуацыя, што фактычныя банкруты ў статыстыцы Вярхоўнага суда для Мінэканомікі як банкруты не адлюстроўваюцца», – кажа Сяргей Пінчук.

Другую прычынау змяншэння колькасці банкрутаў антыкрызісны кіраўнік бачыць таксама ў галіне заканадаўства.

«Каля сотні сельскагаспадарчых арганізацыяў вывелі з працэдуры банкруцтва. Улады прынялі ўказ № 399 аб аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацыяў, але пазней вытворчасць вакол гэтых фірмаў прыпынілі, і цяпер іх унеслі ў статыстыку Мінсельгасхарчу, напрыклад. І там чыноўнікі сочаць за гэтымі арганізацыямі. Іхны фінансавы стан не палепшыўся, хоць іх і вывелі са статыстыкі банкрутаў», – адзначае Сяргей Пінчук.

А вось каронавірус не асабліва закрануў беларускія прадпрыемствы. Праўда, гэта толькі зацішша перад бураю, лічыць Сяргей Пінчук.

«З сакавіка сёлета дробны бізнес чакае дапамогі з боку дзяржавы, разлічвае, што атрымаецца перачакаць складаны перыяд, перажыць яго. Таму да працэдуры банкруцтва пакуль ніхто не дайшоў. Нехта спадзяецца на дапамогу, нехта разлічвае на свае сілы. Але многія арганізацыі, наколькі я ведаю, прынялі рашэнне пра ліквідацыю. І вось цяпер такое зацішша. Час ад прыняцця рашэння да рэалізацыі займае ад чатырох да дзевяці месяцаў. Таму тыя фірмы, якія закрануў каронавірус, прыйдуць на ліквідацыю ў суд толькі напрыканцы года. Канечне, калі прадпрыемствы не пяройдуць у катэгорыю такіх вось пакінутых фірмаў, пра якія вялося вышэй».

Аб’ектыў
Эканамічнага росту не будзе
2020.03.26 22:45

Кіраўнік краіны падпісаў Дэкрэт № 7 напрыканцы 2017 года. Закон змяніў механізмы ўзаемаадносінаў дзяржаўных органаў і бізнесу. Зменшыў умяшанне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадарання. У выніку палёгкі сталі значна лепшымі і статыстычныя паказнікі.

«Насамрэч мэты «проста палепшыць статыстыку» няма. Справа ў тым, што ў судовай сістэмы ёсць свая прапускная здольнасць, і яна не гумовая. Праз адзін і той жа штат суддзяў не могуць прапусціць у дзясяткі разоў больш справаў, чым яны апрацоўваюць сёння. Я глядзеў статыстыку за апошнія пяць гадоў, і заўсёды справаў аб банкруцтве было каля двух тысячаў. Але ці гэта натуральная колькасць, ці яна рэгулюецца? Я не магу дакладна адказаць на гэтае пытанне. Але я разумею, што судовая сістэма не можа прапусціць праз сябе напрыклад, 10 тысячаў справаў, суддзі і без таго працуюць вельмі шмат. Да таго ж статыстыка не можа цалкам адлюстроўваць нашыя эканамічныя рэаліі. Справа ў тым, што ў нас сёння проста пакінуць фірму банкрута без пакарання нашмат прасцей, чым ліквідаваць яе праз працэдуру банкруцтва. Таму пакінутых фірмаў у краіне сёння ажно 45-50 тысячаў», – кажа Сяргей Пінчук.

Аб’ектыў
Прадпрыемствы Лукашэнкі пакідаюць людзей у беднасці
2018.07.05 22:18

Асноўная маса банкрутаў – прыватныя прадпрыемствы, суадносіны прыкладна такія: адно дзяржаўнае прадпрыемства на дзясятак прыватных.

«Справа ў тым, што ў выпадку з дзяржсектарам працуюць зусім іншыя чыннікі. Толькі ў выпадку, калі ўсе даступныя механізмы ратавання дзяржаўнага прадпрыемства вычарпаныя, а гэта і перакрыжаванае субсідаванне, і ільготныя крэдыты, і дырэктыўнае ўмяшальніцтва ў частцы рынкаў збыту, а ўсе гэтыя механізмы выкарыстоўваюцца, толькі тады чыноўнікі вымушаныя прымаць рашэнні пра банкруцтва», – адзначае антыкрызісны кіраўнік.

Калі прадпрыемства дзяржаўнае, то ім кіравала пэўнае ведамства, міністэрства і пэўныя асобы, якіх прызначыла дзяржава. Канчатковае рашэнне прымае не дырэктар, але розныя органы кіравання.

«Калі адбыўся факт банкруцтва, то вядома, узнікаюць пытанне, хто ў гэтым вінаваты. Зразумела, што ісці ў суд і прызнаваць сваю няздольнасць кіраваць ніхто не хоча. Але агулам у апошнія гады колькасць банкрутаў сярод дзяржаўных прадпрыемстваў павялічылася. Мяркую, калі б дзяржава не падтрымлівала дзяржаўны сектар, то заяваў было б нашмат болей».

Асабісты капітал
Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?
2020.05.06 09:00

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў