Падчас тэлеканферэнцыі кіраўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі абмяняліся думкамі наконт развіцця падзеяў у Беларусі, асабліва ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі, паведамляецца ў афіцыйным Twitter Анджэя Дуды.
«Нашыя чатыры дзяржавы падтрымліваюць пазіцыю, выказаную ў звароце да ўладаў Беларусі. Мы таксама гатовыя падтрымаць палітычны працэс, які будзе рэалізоўваць свабодную волю беларускага народу. Мы дамовіліся аб працягу цеснай супрацы прэзідэнтаў Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі ў гэтых пытаннях і аб супольным маніторынгу сітуацыі», – паведамляецца ў Twitter.
У мінулы чацвер 13 жніўня прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі заклікалі ўлады Беларусі знізіць напружанасць, неадкладна спыніць выкарыстанне сілы супраць сваіх грамадзянаў, вызваліць затрыманых удзельнікаў палітычных пратэстаў ды ініцыяваць дыялог з народам.
12 жніўня польскі лідар напісаў ліст да Камітэту правоў чалавека ААН з просьбаю звярнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі. Таксама літоўскі прэзідэнт Гітанас Науседа выказаўся за ўвядзенне санкцый у дачыненні да беларускага ўраду.
ДР belsat.eu