Андрэй Піянткоўскі: Пуцін – новы Гітлер, ягоны рэжым – гібрыдны фашызм


«Русский мир», збіранне расейскіх земляў, раздзеленая нацыя – гэта ўсё тэрміны, проста літаральна запазычаныя Крамлём з гітлераўскай прапаганды, заўважыў «Белсату» вядомы расейскі палітычны аналітык, пісьменнік і навуковец Андрэй Піянткоўскі.

– Сёння на парадку дня ў Еўразвязе – санкцыі супраць Расеі? Ці эфектыўныя яны і ці варта іх працягваць ды ўзмацняць?

– Пра эфектыўнасць санкцыяў нядаўна казаў спадар Пуцін. Ён наагул неяк расслабіўся на спатканні з інвестарамі і зрабіў некалькі нечаканых рэчаў, па-першае, прызнаўся, што нашыя (расейскія – рэд.) вайскоўцы прысутнічаюць на акупаваных тэрыторыях ва Украіне, а потым ён раптам сказаў: вось мы ўсё казырымся-казырымся, што санкцыі нам не перашкаджаюць, а нават дапамагаюць, але на самай справе яны сурʼёзнае негатыўнае ўздзеянне на нашую эканоміку аказваюць.

– Не сакрэт, што гэтыя санкцыі фактычна ўзаемныя. Хто больш губляе – Расея ці Еўрапейскі Звяз – ад гэтых санкцыяў?

– Для шараговых грамадзянаў, а не для кампаніяў, якія, можа, нейкія мільярды губляюць, самымі згубнымі былі парадаксальна не санкцыі Еўразвязу, а контрсанкцыі спадара Пуціна, які забараніў імпарт харчоў з Еўрапейскага Звязу. У Маскве мы вярнуліся ў савецкія часы. Дарэчы, ёсць некалькі беларускіх крамаў, дык там ратуемся, купляем беларускі сыр ды іншыя прадукты. Вось гэтыя санкцыі вельмі моцна ўдарылі. Па-першае, рэзка пагоршылася якасць прадуктаў, якія прадаюць у крамах, а, па-другое, яны падаражэлі.

– Тэма № 1 гэтымі днямі – Сірыя. Расеі ўдалося пазбегнуць санкцыяў за сваю палітыку, фактычна, за вядзенне вайны ў гэтай краіне. Як вы ацэньваеце гэтае рашэнне, прынятае ў Еўропе, і наагул тое, што робіць Расея ў Сірыі?

– Мне падаецца, Пуцін ужо ацаніў. Учора было абʼяўлена, што ад 10-ай раніцы спыненыя бамбаванні Алепа. Гэта надзвычайна, што для расейскага кіраўніцтва спатрэбіўся месяц, каб зразумець, якое згубнае ўздзеянне на сусветнае грамадскае меркаванне аказваюць гэтыя варварскія бамбаванні. Гэта ж бачна на тэлевізійных экранах ва ўсім свеце, што там гінуць дзеці. Каму гэта можна растлумачыць у Расеі: навошта гэта, хто? Нейкая «Аль-Нустра»… А што гэтая «Аль-Нусра» зрабіла Расеі і калі яны супраць нас ваявалі? І нейкая шалёнае зверства… Часам Пуцін тлумачыць, што гэта для нас танней, чымся ладзіць манеўры. Агулам я сёння гаварыў на панэлі: мова кіраўнікоў заходніх дзяржаў і лідараў грамадскага меркавання ў адносінах да Расеі рэзка змянілася. Такія тэрміны, як «ваенныя злачынцы», «варварства», «тэрарызм супраць насельніцтва» – гэта адказнасць кіраўнікоў, палітыкі. Францыя ўзбуджае расследаванне Міжнароднага суда. З агромністым спазненнем дайшло (да ўладаў Расеі – рэд.), чаго можа каштаваць такі жэст і што трэба спыніць бамбаванні. А калі праз тыдзень яны іх узновяць на просьбу таварыша Асада? Увогуле ў гэтую Сірыю ён (Уладзімір Пуцін – рэд.) уляпаўся, як і мы ўсе ў былым Савецкім Саюзе ў Афганістан.

– Вы параўналі, выступаючы ў Еўрапарламенце, Пуціна з Гітлерам, а ягоны рэжым з гібрыдным фашызмам. Як вы пракаментуеце свае ўласныя словы?

– Гэта надзвычай проста. У вонкавай палітыцы гэта гітлераўскі фашызм. Я ўжо казаў, што канцэпцыя «русского мира», збіранне расейскіх земляў, раздзеленая нацыя – гэта ўсё тэрміны, проста літаральна запазычаныя з гітлераўскай прапаганды. А ва ўнутранай палітыцы – гэта Мусаліні, італьянскі фашызм, для сяброў усё, а для рэшты – паводле закону. Такі ў нас «гібрыд».

– Дарэчы, словазлучэнне «гібрыдная вайна» – цяпер адзін з самых папулярных. Наколькі эфектыўная гэта вайна, якую вядзе сёння Крэмль, фактычна не толькі супраць Украіны і Еўрапейскага Звязу, але наагул супраць усяго свету?

– Ён атрымаў ужо тры фундаментальныя паразы. Ідэя «русского мира» была адрынутая расейскім насельніцтвам Украіны, тымі расейцамі, на якіх ён разлічваў, што яны ўспрымуць і ператвораць палову Украіны ў «Наваросію». Між іншым, пры ўсіх сімпатыях беларускага народу да Украіны ўсе дадзеныя сведчаць, што гэта ідэя «русского мира» не падтрымліваецца ў Беларусі. Кіраўнік краіны Лукашэнка пры ўсіх складанасцях сваёй палітыкі, свайго характару зусім не падтрымлівае гэтай палітыкі. Мне падаецца, ён некалькі разоў нават, разумеючы настроі народу, рабіў даволі рэзкія заявы, тыпу: калі раптам тут зʼявяцца «зялёныя чалавечкі», то расстрэльваць іх «к чортавай мацеры».

– Як спыніць Пуціна?

– Спыніць яго можа найбліжэйшае атачэнне, калі зразумее, што ён вядзе краіну да катастрофы. Урэшце Сталіна спынілі. Ён таксама ў канцы свайго жыцця рыхтаваўся да Трэцяй сусветнай вайны. Хрушчова прыбралі, які давёў свет да Карыбскага крызісу. Таму будзем чакаць, калі ў адзін цудоўны дзень нам па тэлевізары словамі Галіча скажуць: «Аказаўся наш бацька не айцом, а сукаю».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў