«Лукашэнка сам не ведае, як скончыцца ягоная палітычная карʼера». Аналітыкі пра таемную інаўгурацыю


Лукашэнка падчас інаўгурацыі, 23 верасня 2020 г.
Фота: ТК «Пул первого»

Аляксандр Лукашэнка раніцаю 23 верасня таемна ўступіў на пасаду прэзідэнта Беларусі. Але гэтая падзея не дадае яму дадатковай легітымнасці, упэўненыя аналітыкі, з якімі пагутарылі карэспандэнты belsat.eu.

Уся працэдура інаўгурацыі заняла каля 40 хвілін.

Насуперак закону пра прэзідэнта, не было таксама трансляцыі падзеі ані па дзяржаўным радыё, а ані па тэлебачанні. Раніцаю прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант не стала называць дату інаўгурацыі, але паабяцала зрабіць гэта «бліжэй да часу» цырымоніі. Замест гэтага праз 2,5 гадзіны з’явілася паведамленне, што цырымонія адбылася.

Карэспандэнты belsat.eu распыталі беларускіх палітолагаў і аналітыкаў пра тое, як яны бачаць прычыны правядзення менавіта такой інаўгурацыі ды яе наступствы.

Картэж Лукашэнкі на вуліцах Менску, 23 верасня 2020 г.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»

«Сённяшняя інаўгурацыя паказала тое, наколькі няўпэўнена адчуваюць сябе дзейныя ўлады. Адчуваюць усю крохкасць сваіх палітычных асноў. Наколькі яны непакояцца за рэакцыю грамадства і міжнароднай супольнасці, што ў выніку такая важная і ўрачыстая падзея як інаўгурацыя адбываецца таемна, ды яшчэ з парушэннем заканадаўства. Гэта адназначна сведчыць пра тое, што ўлады сябе адчуваюць вельмі няўтульна.

На бліжэйшыя выходныя інаўгурацыя стане вельмі важным стымулам для людзей выйсці і прадэманстраваць сваю нязгоду з кіраваннем Лукашэнкі. Думаю, што бліжэйшыя акцыі пратэсту будуць мець большы маштаб, чым гэта было тыдзень таму.

Што датычыць рэакцыі міжнароднай супольнасці, то для Расеі, напэўна, гэта нічога не мяняе. Я думаю, што Масква была ў курсе гэтых справаў, бо яны ўсё-такі настойваюць на канстытуцыйнай рэформе, а не на новых выбарах адразу.

Што датычыць Захаду, то фактычна ўжо ад сённяшняга дня Лукашэнку могуць прызнаць не маючым легітымных паўнамоцтваў. Юрыдычна старыя паўнамоцтвы складваюцца, потым адбываецца інаўгурацыя і ўступленне ў пасаду. Рэзалюцыя Еўрапейскага парламенту фіксавала ў якасці даты заканчэння паўнамоцтваў [Лукашэнкі. – рэд. Belsat.eu] пачатак лістападу. Адназначна рэакцыя [Захаду на інаўгурацыю. – рэд. Belsat.eu] будзе негатыўнай, але глыбіню гэтага негатыву пакуль цяжка сказаць. Напэўна, інаўгурацыя толькі ўскладніць пазіцыю Лукашэнкі, бо так бы ён меў яшчэ паўтара месяца для нейкіх манеўраў, калі б ягоная легітымнасць як кіраўніка дзяржавы абсалютна не ставілася б пад пытанне. Зараз, я думаю, пачынаецца ўжо адлік нявызначанасці, шэрай зоны ў двухбаковых стасунках».

Абноўлена
Лукашэнка правёў інаўгурацыю, якую нідзе не анансавалі
2020.09.23 10:42

Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса

«Такое правядзення інаўгурацыі яшчэ раз падкрэслівае тое, што Аляксандр Лукашэнка сам не ўпэўнены, што ён выйграў гэтыя выбары. Ён супрацьпаставіў сябе, відавочна, большасці народу. І тое, што ён ачысціў цэнтр Менску, нічога нікому не сказаў і не запрасіў на гэтую ўрачыстасць, сведчыць пра тое, што ён не верыць нават сваім чыноўнікам, сваім дэпутатам, бо такім чынам свята не арганізоўваецца.

Картэж Лукашэнкі на вуліцах Менску, 23 верасня 2020 г.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

Ён кажа, што бароніць свае каштоўнасці. Але якія каштоўнасці? Каштоўнасці гвалту, тэрору? Ён кажа, што бароніць мірнае жыццё. Але менавіта ён паслаў АМАП нішчыць мірнае жыццё. Суверэнітэт і незалежнасць? Але сёння як ніколі яны знаходзяцца на мяжы. Ён па сутнасці стварыў ворага ўнутры краіны, які разбурае наша жыццё, нашых людзей, нашу будучыню.

І такі спосаб інаўгурацыі сведчыць, што ён сам не ведае, як скончыцца яго палітычная кар’ера. Як скончацца тыя палітычныя праекты, якія ён узначальвае.

Людзі, якія бачаць рэальнасць, факты, ніколі не здадуцца і будуць яшчэ больш упэўненыя ў тым, што праўда за імі, што свабоду і справядлівасць трэба бараніць. Канфлікт будзе пашырацца, пакуль улады не сядуць за стол перамоваў з шырокай грамадскай супольнасцю, з палітычнай апазіцыяй і з позвай дня вызвалення ўсіх палітычных вязняў і пакарання тых, хто вінаваты ў катаваннях і забойствах. Пакуль не будзе вызначаная дата новых прэзідэнцкіх выбараў, гэтае супрацьстаянне будзе працягвацца.

А такое правядзенне інаўгурацыі – гэта яшчэ адзін плявок у Беларусь, у беларусаў».

Валер Карбалевіч, эксперт Аналітычнага цэнтру «Стратэгія»

«Улады не захацелі рабіць інаўгурацыю адкрыта, як свята для ўсяго беларускага народу, бо баяліся масавых пратэстаў вакол месца, дзе праходзіць інаўгурацыя. І гэтыя пратэсты маглі скончыцца нейкімі сутычкамі з праваахоўнымі органамі. Магчыма, нейкія ахвяры маглі быць. Але ва ўсякім разе такая карцінка на тэлеэкранах сапсавала б гэтую працэдуру. Таму ўлады вырашылі лепш зрабіць яе таемна. Гэта таксама непрыгожа, бо таемная інаўгурацыя яшчэ раз засведчыла тую сумнеўную легітымнасць сённяшняга статусу Аляксандра Лукашэнкі, якая атрымалася ў выніку выбараў. Але з двух ліхаў улады вырашылі выбраць меншае – таемную інаўгурацыю.

Акцыі пратэсту 23 верасня 2020 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Не думаю, што гэта неяк паўплывае на нейкія працэсы ўнутраныя ці замежнапалітычныя. Замежныя субекты ўсе вызначыліся з ацэнкай выбараў і легітымнасці Лукашэнкі. І ўнутры краіны тыя, хто не верыць у легітымнасць выбрання Лукашэнкі, яны і не будуць верыць. І факт інаўгурацыі ніяк на гэта не паўплывае».

Сяргей Нікалюк, эксперт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў

«Паводле аднаго з найбольш глыбокіх сацыяльных мысляроў Расеі Сімона Кардонскага, варта адрозніваць рэчаіснасць – тое, што адбываецца ў публічнай прасторы – ад таго, што адбываецца насамрэч. Інаўгурацыя – гэта якраз тое, што адбываецца ў такой рэчаіснасці. Яна ёсць важным вынікам выбараў, якія прайшлі ў гэтай рэчаіснасці.

Гэтую рэчаіснасць характарызуюць два цудоўныя мэмы, народжаныя Лукашэнкам: пра тое, што ў нас «дзяржава для народу», і пра тое, што Беларусь – «краіна, зручная для жыцця». І выяўляецца, што ў краіне, зручнай для жыцця, нават для самога ейнага галоўнага архітэктара жыццё можа быць зручным толькі за высокай агароджай Палацу незалежнасці. Як паказалі апошнія падзеі з ягоным сынам і ягонымі ўнучкамі [яны забралі дакументы з Ліцэю БДУ. – рэд. Belsat.eu], яны не могуць вольна і без аховы жыць у краіне, зручнай для жыцця.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 г.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

І гэта вельмі важны і, на маю радасць, прамежкавы вынік будавання такой краіны. І ўсё, што адбылося да 9 жніўня, і тое, што адбываецца пасля, ёсць найдалейшым змяншэннем гэтай сістэмы. Пры гэтым не варта меркаваць, што ейныя бенефіцыяры – гэта нейкія лічаныя людзі. Ёсць ядро, якое сёння сабралася ў Палацы незалежнасці. Але, насамрэч, ёсць вялікая колькасць людзей, у тым ліку – не магу сказаць «людзі ў пагонах», хутчэй – «людзі з дубінкамі», якія прафесійна махалі дубінкамі не праз любоў да Лукашэнкі, а таму, што абаранялі свае ўласныя інтарэсы. А «дзяржава для народу» усё зрабіла, каб у гэтых людзей былі асобныя інтарэсы ад інтарэсаў большасці. Таму наперадзе яшчэ цяжкая барацьба, але працэс пайшоў.

І інаўгурацыя – гэта настолькі знакавая падзея, якая фіксуе вельмі важны этап у развіцці беларускай «дзяржавы для народу» і «краіны, зручнай для жыцця». Легітымнасці, канечне, у вачах большай часткі насельніцтва яна не дадасць ні на грош, а хутчэй, калі яна там нейкая засталася, знізіць яе да памераў, якія можна разгледзець толькі ў электронны мікраскоп».

  • Паводле афіцыйных звестак, 9 жніўня на прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларуссю з 1994 года. Разам з тым апаненты лічаць вынікі выбараў сфальсіфікаванымі, а іх сапраўдным пераможцам – Святлану Ціханоўскую.
  • Ад 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца няспынныя пратэсты, на нядзельных акцыях колькасць удзельнікаў рэгулярна перавышае 100 тысяч чалавек. Супраць дэманстрантаў улады ўжываюць гвалт і затрыманні. Паводле падлікаў праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі былі затрыманыя больш за 14 тыс. чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 250 чалавек.
  • Пра нелегітымнасць Лукашэнкі заявілі ў Еўразвязе і Украіне. Павіншавалі ж яго з перамогай толькі кіраўнікі Азербайджану, Арменіі, Казахстану, Кітаю, Кыргызстану, Малдовы, Расеі, Таджыкістану, Турэччыну і Узбекістану.

belsat.eu

Стужка навінаў