Amnesty International: У 2016 колькасць смяротных прысудаў зменшылася на 37 % у параўнанні з 2015


У мінулым годзе ў свеце, за выняткам Кітаю, выканалі не менш за 1032 смяротныя прысуды. Гэта на 602 менш, чым у 2015 годзе. Такія звесткі змешчаныя ў дакладзе «Death Sentences and Executions 2016» праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Арганізацыя не ўлічвае звесткі пра тысячы пакаранняў смерцю ў Кітаі, дзе статыстыку па выкананню смяротных прысудаў лічаць дзяржаўнай таямніцай.

Паводле справаздачы, у Беларусі смерцю пакаралі не менш за 4 асобы.

У дакуменце падкрэсліваюць, што ЗША і Беларусь – адзіныя краіны-ўдзельніцы АБСЕ, якія працягваюць ужываць смяротнае пакаранне.

У ЗША ўпершыню ад 2006 году не апынуліся ў першай пяцёрцы краінаў з найбольшай колькасцю прысудаў (усяго за 2016 год выканана 20 прысудаў).

Найбольш смяротных прысудаў летась выканалі ў Іране – 567+ (гэта 55 %). Пасля ідуць Саудаўская Аравія (154+), Ірак (88+), Пакістан (87+), Егіпет (44+). Знак «+» азначае мінімальны лік пацверджаных пакаранняў.

Смяротнае пакаранне адмененае ў 104 краінах. У 1997 годзе такіх краінаў было ўсяго 64.

Паволе AI, смяротнага пакарання ў Беларусі чакаюць яшчэ дзве асобы: Сяргей Вострыкаў і Кірыл Казачок.

Ад пачатку 1990 года да вышэйшай меры ў Беларусі прыгаварылі больш за 400 асобаў. За ўвесь гэты час смяротнае пакаранне толькі раз замянілі на турэмны тэрмін.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў