Амерыканскі дыпламат хацеў вылецець з Расеі з мінай на борце


Аэрапорт Шарамеццева. Фота – Marina Lystseva/TASS/Forum

Служба бяспекі маскоўскага аэрапорту Шарамеццева раніцай 9 сакавіка знайшла ў багажы супрацоўніка амерыканскай амбасады мінамётную міну.

ТАСС паведаміла, што міна была без выбуховага рэчыва, але пазней агенцтва ўдакладніла, што міна мела ўзрывальнік.

«Без выбуховага рэчыва такі прадмет нельга назваць мінай, але ўзрывацель, канешне, прадстаўляе небяспеку. Якую менавіта – не магу ўдакладніць: узрывацель – гэта і капсюль паляўнічага патрона, і прыстасаванне, якое падрывае шматтонную авіяцыйную бомбу», – кажа «Белсату» журналіст і паляўнічы Аляксандр Ачэрэтны.

Адмысловец мяркуе, што мова вядзецца пра маса-габарытны макет.

«Знайсці яго можна на любым аўкцыёне, які спецыялізуецца на вайсковых рэчах. Балванкі мінамётных мінаў не каштуюць дорага», – дадае Ачэрэтны.

Амерыканскі дыпламат выязджаў з Расеі пасля завяршэння камандзіроўкі. Ён заявіў, што набыў пустую міну «для асабістай калекцыі».

Праз сітуацыю з мінай амерыканец спазніўся на самалёт, яму давялося пераафармляць білет на іншы рэйс.

«А 14:35 ён бесперашкодна вылецеў у Нью-Ёрк. Без міны», – паведамілі журналістам у МЗС Расеі.

ДД/Belsat.eu

Стужка навінаў