Амбасадар Латвіі пра транзіт нафты для Беларусі: гэтае пытанне мы абмяркоўваем пастаянна


Падчас візіту ў Беларусь латвійскага прэм’ер-міністра Крыш’яніса Карыньша будзе абмяркоўвацца будучая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу і магчымасць паставак нафты ў Беларусь праз латвійскую тэрыторыю. Пра гэта ў інтэрвʼю БелТА заявіў амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс.

Нагадаем, візіт латвійскага прэм’ер-міністра ў Беларусь запланаваны на 16 студзеня. Візіт Лукашэнкі ў Рыгу планаваўся яшчэ на першую палову 2019 года, але быў адкладзены. У лістападзе кіраўнік Беларусі заявіў, што візіт у Латвію адбудзецца ў першым або другім квартале 2020 года.

Паводле амбасадара, абмеркаванне дэталяў візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію «з’яўляецца адной з найважнейшых мэтаў прыезду кіраўніка латвійскага ўрада».

«Перакананы, што планаваны візіт Аляксандра Лукашэнкі – гэта не толькі знак добрасуседства і добрых адносінаў паміж дзвюма дзяржавамі, але і вельмі значны індыкатар развіцця і паглыблення стасункаў па лініі Беларусь – ЕЗ. Нават магу сказаць больш – гэта знак, добры знак дыялогу паміж Беларуссю і NATO (Латвія зʼяўляецца членам Альянсу). У наш трывожны час гэты дыялог вельмі важны, каб развіваць узаемныя меры ўмацавання даверу», – падкрэсліў ён.

Семаніс таксама распавёў, што падчас візіту Карыньша ў Менску будзе абмяркоўвацца пытанне транзіту нафты праз Латвію.

«У цэлым гэта галіна, дзе мы не пачынаем нейкія праекты, таму што транзіт нафтапрадуктаў вядзецца даўно, тут ёсць стабільныя традыцыі, добрыя сувязі. Пытанне так званых рэверсных, або альтэрнатыўных, паставак нафты не новае ў нашых стасункаў, гэтая тэма зʼявілася не ў снежні мінулага года або ў студзені гэтага. Гэта пытанне, якое ў нейкай ступені мы абмяркоўваем пастаянна. Латвійскае міністэрства транспарту 3 студзеня пацвердзіла, што заўсёды гатова ўдзельнічаць, калі будуць праекты па альтэрнатыўных пастаўках нафты», – нагадаў ён.

Амбасадар дадаў, што схема беларуска-латвійскай супрацы наконт нафтапрадуктаў адпрацаваная і мае добрыя вынікі. «У 2019 годзе экспарт нафтапрадуктаў праз латвійскія парты ў Беларусь па чыгунцы склаў 3,7 мільёна ​​тонаў», – нагадаў ён.

Hавiны
Афіцыйны Менск шукае пастаўкі нафты ва ўсіх магчымых краінах
2020.01.14 13:57
  • Нагадаем, 31 снежня 2019 года Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву нафтахімічнага комплексу забяспечыць пастаўку нафты ў краіну з альтэрнатыўных крыніцаў. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з балтыйскіх партоў.
  • З 1 студзеня Расея спыніла падачу нафты для НПЗ Беларусі праз тое, што Масква і Менск не заключылі новыя кантракты. Беларускія НПЗ працягвалі працаваць, але загрузка вытворчых магутнасцяў зніжаная да тэхналагічнага мінімуму. У звязку з адсутнасцю паставак нафты з Расеі з 1 студзеня Беларусь часова прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў.
  • 4 студзеня пастаўкі нафты на беларускія НПЗ аднавіліся – дамоўленасць была дасягнутая з кампаніямі алігарха Міхаіла Гуцэрыева, які сябруе з Лукашэнкам. Першая партыя закупаецца па цане, што выключае прэмію расейскім пастаўшчыкам (раней кошт паставак разлічваўся як рынкавы кошт плюс прэмія прыкладна $ 10).
  • Дамоўленасць на пастаўкі нафты на дзяржаўным узроўні дасягнуць так і не атрымалася. «У двух словах, чаму з прэзідэнтам Расеі не дамовіліся па нафце. Таму што РФ хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах, вышэйшых за сусветныя. Дзе такое бачана?! Таму я і адмовіўся ад такой нафты. І прама заявіў, калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расеі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі», – заявіў Лукашэнка.
Hавiны
СМІ: Пастаўкі нафты ў Беларусь з Расеі спыненыя паводле загаду з Крамля
2020.01.14 09:41

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў