У 2018 годзе Беларусь і Расея працягнуць працу па стварэнні адзінага рынку энерганосьбітаў. Аб гэтым сказаў у інтэрв’ю праграме «Беларусь. Галоўнае» у эфіры тэлеканала «БелРос» амбасадар Беларусі ў РФ Ігар Петрышэнка.
Беларускі дыпламат адзначыў, што 2018 год павінен быць інтэнсіўным у плане развіцця адносін з Расеяй.
«У першую чаргу мы спадзяемся, што працягнем працу па фарміраванні адзіных рынкаў газу, электраэнергіі, нафтапрадуктаў. Каб у зададзеныя тэрміны рэалізацыі планаў мы маглі падысці падрыхтаванымі, каб сапраўды нашы эканомікі адчулі ўсе тыя перавагі, якія даюць інтэграцыйныя праекты», – сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён закрануў і праблемнае пытанне – забарону Рассельгаснадгляду на пастаўку некаторай беларускай аграпрамысловай прадукцыі. Паводле слоў дыпламата, цяпер бакамі распрацаваная дарожная карта, якая дапаможа зняць існуючыя абмежаванні.
Петрышэнка таксама адзначыў вельмі дынамічнае развіццё стасункаў з рэгіёнамі Расеі.
«Каля 160 узаемных візітаў было ў 2017 годзе, праведзена каля 220 кірмашоў. Форум рэгіёнаў падняўся на больш высокі ўзровень пасля таго, як кіраўнікамі дзяржаваў было прынята рашэнне прымаць удзел у яго рабоце. Гэта павышае ўзровень адказнасці ва ўдзельнікаў мерапрыемства. Па выніках летняга форуму падпісана 77 двухбаковых дакументаў – гэта сурʼёзная лічба. Кантрактаў было заключана на суму каля $ 450 млн», – дадаў амбасадар.
Санкцыйны рэжым, уведзены ЕЗ у дачыненні да Расеі, дыпламат назваў «праверкай на трываласць беларуска-расейскіх саюзніцкіх адносін».
Петрышэнка таксама агучыў дадзеныя па таваразвароце паміж краінамі. Па выніках 10 месяцаў 2017 года ён дасягнуў 26 млрд долараў. На сённяшні дзень у знешнегандлёвым абароце РФ займае ў Беларусі каля 51,3%, а Беларусь зʼяўляецца чацвёртай па ліку ў пяцёрцы асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Расеі.
КА, belsat.eu, паводле belta.by