Амаль тыдзень гарэў найбуйнейшы нацыянальны парк Польшчы


Бебжанскі нацыянальны парк пасля пажараў. 26 красавіка 2020 г.
Фота: Michal Kosc / Forum

У нядзелю польскія пажарныя заявілі, што ўдалося затушыць пажар у Бебжаньскім нацыянальным парку на паўночным усходзе краіны. Лясныя пажары трывалі амаль тыдзень і панішчылі балоты, дзе жывуць ласі, бабры і ўнікальныя віды птушак.

«Пажары ў Бебжаньскім нацыянальным парку ўспыхваюць штогоду, але такога вялікага не было ўжо шмат гадоў. Сітуацыя вельмі сурʼёзная», – заявіў міністр навакольнага асяроддзя Польшчы Міхал Вусь. У міністэрстве лічаць, што прычынаю хуткага распаўсюджвання пажару стаў вецер і анамальная засуха, з якой Польшча сутыкнулася сёлета.

Эколагі з Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) сцвярджаюць, што пажар адлюстроўвае змены клімату, і заклікаюць урад змяніць палітыку кіравання воднымі рэсурсамі дзеля барацьбы з засухай.

«Мы рэгулюем рэкі, выпростваем іх берагі, праводзім шкодныя рамонтныя работы, якія паскараюць адток вады, будуем плаціны і гідратэхнічныя барʼеры, што асушваюць балоты. Мы забываемся, што натуральныя рэкі ды іх даліны процідзейнічаюць засусе, а забалочаныя ўгоддзі – найлепшыя ўчасткі для падтрымання прыроды», – заявіла WWF Польшча ў сваёй апошняй справаздачы пра засуху ў Польшчы.

Прычынай пажару маглі стаць падпалы травы. Кіраўніцтва парку абяцае ўзнагароду 10 тысяч злотых за інфармацыю аб падпальшчыках.

ВБ belsat.eu

Стужка навінаў