Альтэрнатыўныя сувеніры: што прывезці з Беларусі замест Лесіка?


Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў беларускія крамы запоўніліся аляпаватымі лісамі Лесікамі – мяккімі і з пластыку, выяўленымі на заплечніках і кубках. Што праўда, нават Лесік ува ўсіх іпастасях падаецца сімпатычным на фоне сувеніраў з гарадзенскіх крамаў. Аднак belsat.eu мае альтэрнатыўны погляд на тое, што замежнікам варта прывезці з Беларусі. Вашай увазе – падбор рэчаў, якія стануць годным сувенірам і не будуць збіраць пылу на паліцах.

Кашулька ці заплечнік з жывеламі ды птушкамі з Чырвонай кнігі

У красавіку айчынны «Mark Formelle» пацешыў нас калекцыяй кашулек ды заплечнікаў з выявамі беларускіх жывёлаў, птушак, кажаноў, грыбоў ды раслін, што ўваходзяць у Чырвоную кнігу. Калекцыя стваралася на аснове малюнкаў сучасных беларускіх мастакоў, сярод якіх Ніка Сандрас, Міця Післяк ды Ганна Рэдзька.

Mark Formelle
Фота: markformelle.by

Апроч кашулек ды заплечнікаў, у «Mark Formelle» можна набыць «беларускамоўныя» шкарпэткі.

Дарэчы, кашулька з «беларускамоўнай» калекцыі «Mark Formelle» ужо з’яўлялася ў Інстаграме вядомага відэаблогера ды аматара спорту Юрыя Дудзя.

Фота: markformelle.by і Belsat.eu

Дзе: у фірмовых крамах Mark Formelle.

Колькі: кашулькі – Br 14,96, заплечнікі – Br 12, шкарпэткі – Br 3-4

Касметыка «Belita» і «Relouis»

Касметыка беларускіх вытворцаў мае адзін несумненны плюс – невысокі кошт. Якасць, праўда, бывае пад пытаннем, але ёсць сродкі, якія практычна ні ў каго не вызываюць нараканняў. Да іх належыць праслаўленая расейскай эксперткай моды Эвелінай Хромчанкай туш Lux Visage XXL, аловак для кутыкулы «Relouis» ды сродак для прыспяшэння росту веек «Доўгія вейкі» гэтага ж брэнду.

Фота: relouis.by

Дзе: у касметычных крамах ды ў касметычных секцыях буйных універмагаў.

Колькі: каля Br 6.

Журавіна ў цукры

Славуты кісла-салодкі дэсерт цяпер даступны ў некалькіх версіях: апроч класічнай журавіны ў цукравай пудры, можна набыць журавіну ў шакаладзе з арахісам ды ў шакаладзе з какосам.

Фота: fabula.by

Дзе: у прадуктовых ды кандытарскіх крамах.

Колькі: да Br 7.

Шакалад «Спартак» з чарнаслівам ды перцам

Наш адказ папулярным на захадзе шакаладкам з марской соллю.

Дзе: у фірмовых крамах «Спартака» ды ў прадуктовых крамах.

Колькі: Br 2.

Зефір

Для нас – звычайная справа, для жыхароў заходніх краінаў – невядомы дэлікатэс, які выклікае толькі адну рэакцыю: «Прывязіце мне яшчэ!»

Фота: www.zefir.by

Дзе: у прадуктовых крамах.

Колькі: Br 2-4.

Вялікія цукеркі ад «Камунаркі»

Па вялікіх цукерках настальгіруюць нашыя ўсходнія суседзі, а заходнія ім здзіўляюцца. Самыя несалодкія з цукерак «у буйным корпусе» (гэта іх афіцыйная назва) – «Конік». Тым, хто любіць пасаладзей, раім паспрабаваць папулярныя цукеркі «Мішка на паляне». З цукерак стандартнага памеру не могуць не спадабацца нязменна любімыя беларусамі «Сталічныя» ды «Белавежская пушча» з лікёрам.

Фота: www.kommunarka.by

Дзе: у фірмовых крамах «Камунаркі» ды ў прадуктовых крамах.

Колькі: каля Br 10 за 1 кг.

Упрыгожанні ад беларускіх дызайнераў

Дызайнерская біжутэрыя падыйдзе тым, хто шукае рэчы, зробленыя ў адзінкавых экзэмплярах. Неверагоднай прыгажосці брошкі можна набыць у менскай дызайнеркі Вары Сон, стваральніцы брэнду Ori ori. У тэхніцы вітраж яна вырабляе маленькія цуды: шкляныя артышокі, дыназаўраў, касманаўтаў і нават постаці з вядомых карцін (напрыклад, Рэнэ Магрытта ды Ёганэса Вэрмээра).

Брошы OriOri. Крыніца – Інстаграм дызайнеркі.

Незвычайныя завушніцы з жамчужынамі прапаноўваем выбраць у Марыны Дубейкі, а модныя апошнія некалькі гадоў асіметрычныя завушніцы – у Наталлі Паўлоўскай з Vanilla Naomi.

Завушніцы MarinaDubeiko. Крыніца – Інстаграм дызайнеркі.

Ori ori: Інстаграм дызайнеркі. Колькі: ад Br 25.

Marina Dubeiko: Інстаграм дызайнеркі. Колькі: ад Br 25 за завушніцы з жамчужынамі.

Vanilla Naomi: Showroom 18 на Ракаўскай, 18 ды ў іншых кропках. Колькі: ад Br 45 за завушніцы з дрэва і перламутру.

Бялізна «Мілавіца»

Брэнд не патрабуе рэкламы і з поспехам прадаецца за мяжой. Аднак набыць «Мілавіцу» на яе радзіме асабліва прыемна.

Фота: www.milavitsa.com

Дзе: фірмовыя крамы «Мілавіцы» ды секцыі бялізны ва ўнівермагах.

Колькі: ад Br 25.

Ільняныя рушнікі ды бялізна

Класічны ды заўсёды прыдатны сувенір з Беларусі – вырабы з ільну. Праўда, някідкіх, прыгожых рэчаў давядзецца пашукаць: айчынныя вытворцы упрыгожваюць вырабы такімі ўзорамі, што яны выклікаюць асацыяцыі з «саўковым» перыядам беларускай гісторыі.

Фота: linenmill.by

Дзе: у крамах «Беларускі лён» ды ўнівермагах.

Колькі: ад Br 4 за кухонны рушнік.

Згадзіцеся, любая з названых рэчаў прыдасца больш, чым афіцыйныя сувеніры Еўрапейскіх гульняў.

Фота: М. Вашкевіч / belsat.eu
Фота: М. Вашкевіч / belsat.eu

Магчыма, падчас Еўрапейскіх гульняў і турыстам, і беларусам удасца пакаштаваць новы прадукт кампаніі «Белы полюс» – валошкавае марозіва з ільном і жытам. На момант напісання артыкулу ў менскіх крамах знайсці яго было амаль немагчыма. Ходзяць чуткі, што марозіва зберагаюць адмыслова для перыяду Гульняў. А яшчэ, будучы ў Беларусі, абавязкова раім пачаставацца найлепшымі на свеце глазураванымі сыркамі ад «Берасцейскага марозіва» ды зладзіць дэгустацыю згушчонкі: вазьміце на пробу і рагачоўскую, і глыбоцкую. Шкада, але ўзяць малочныя прадукты з сабой жыхары Еўразвязу не змогуць – увоз туды малочнай прадукцыі забаронены.

М. Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў