Алег Волчак: Словы Лукашэнкі пра бізнес Захаранкі і ягоныя фоты ў Нямеччыне – хлусня


Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Аляксею Венедыктаву распавёў, што былога Міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку нібыта бачылі ў Нямеччыне. Акрамя таго прагучала з яго вуснаў і тое, што Захаранка быў завязаны ў бізнесе. Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву», прадстаўнік сямʼі Захаранкі Алег Волчак абвяргае гэтыя заявы, і кажа, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці.

«Кепска, што Венедыктаў не даведаўся хаця б папярэднюю інфармацыю пра нейкі бізнес, Украіну ў справе Захаранкі. Гэтая інфармацыя была ўпершыню агучаная Лукашэнкам недзе праз месяц пасля знікнення палітыка. Але гэта абвяргалі і родныя, і сябры, і Уладзімір Барадач. Які бізнес? У яго быў толькі адзін пінжак. Ні ў якіх структурах камерцыйных, ці крымінальных ён не прымаў удзелу і ніколі не быў акцыянерам. Ён быў у гэтым плане абсалютны чыстым», – распавёў «Белсату» праваабаронца Алег Волчак.

Алег Волчак кажа, што правяралі гэтую інфармацыю супольна з Уладзімірам Барадачом, з Васілём Шлындзікавым. Паводле словаў праваабаронцы гэта старая інфармацыя, але яна ніякім чынам не адпавядае рэчаіснасці.

Уладзімір Барадач і Юрый Захаранка. Архіўнае фота

«Захаранка звязаўся ў бізнесе, вось пра гэта вы не пішаце, з Украінай. Грошы ўзяў велізарныя пад выглядам, што ён быў міністрам, сышоў, але ва ўладзе і ў яго тут усё схоплена. А грошы не вярнуў. Але самае цікавае – у Нямеччыне дваіх з іх гадоў 7 або 8 назад, калі тэма гэта была гарачая, сфатаграфавалі на вуліцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтак жа пільна праваабаронцы правяралі інфармацыю пра тое, што Юрыя Захаранку нібыта бачылі ў Нямеччыне.

«Ніякага афіцыйнага запыту не рабілася. Гэта мы звярталіся ад сямʼі Захаранка, што нібыта есць выданне, у якім апублікаваныя фотаздымкі Захаранкі. Але пазней мы высветлілі, што гэта нават не газета пісала, а нейкі баявы лісток нейкай прарасейскай групоўкі. Фотаздымку не было насамрэч, а справай гэтай займаліся МЗС Нямеччыны, паліцыя», – удакладніў Алег Волчак.

Акрамя таго Лукашэнка сказаў, што даў загад старшыні Следчага камітэту Івану Наскевічу заняцца справай зніклых палітыкаў. У сваю чаргу былы следчы, Алег Волчак кажа, што паводле Крымінальнага кодэксу Лукашэнка не мае права даваць такія загады. Следства можа працягнуць толькі пракурор, кіраўнік Следчага камітэту, ці родныя. Тут папярэдняе следства абавязаныя працягнуць у любым выпадку, паколькі родныя накіроўвалі звароты ў адпаведныя структуры.

Чытайце па тэме:

СК belsat.eu

Стужка навінаў