Актывістаў аштрафавалі за пратэст супраць акумулятарнага заводу


Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў перад судом рыхтаваліся да найгоршага. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну давядзецца выплаціць па 1 225 рублёў штрафу.

28 лютага суд Ленінскага раёну Берасця прысудзіў блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну штрафы па 50 базавых велічыняў (Br 1 225).

Аўтары відэаблогу «Народны рэпартэр» асвятляюць, між іншага, пратэст жыхароў гораду супраць пабудовы ў Берасці акумулятарнага заводу.

Берасцейцы лічаць, што завод «iPower», які паўстае ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», будзе шкодным для здароўя мясцовых жыхароў. Супраць прадпрыемствам ужо падпісаліся каля 37 тысячаў чалавек. Некаторых пракутатура пачала запужваць.

«Калі праз тыдзень будоўля заводу не спыніцца, то я выйду на плошчу. Буду ў мегафон распавядаць людзям пра шкоду заводу. Пра тое, што будаўніцтва трэба спыніць. І што такія формы пратэсту будуць праходзіць кожную нядзелю».

За гэтую заяву Кабанава вядоўцы блогу атрымалі пракурорскія папярэджанні. 23 лютага мужчынаў затрымалі. Блогераў абвінавацілі ў закліках да несанкцыянаванай масавай акцыі.

«Я нікога нікуда не заклікаў, даказаць гэта немагчыма», – заявіў «Белсату» Сяргей Пятрухін.

На працэсе прысутнічала каля 70 чалавек.

У зале суда перад паседжаннем. Не ўсім хапіла месца ў залі – АМАП вырашае ці пускаць усіх людзей у залю. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Справу Кабанава разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук, Пятрухіна – cуддзя Зміцер Шурын.

Аляксандр Кабанаў не згодны з судовым рашэннем. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Пакуль Сяргей Пятрухін быў у судзе, невядомыя залілі ў замок ягоных хатніх дзвярэй эпаксідную смалу.

ДД

Глядзі таксама
Каментары