Суд Маскоўскага раёну Менску пакараў актывіста Максіма Вінярскага 13 соднямі арышту. Яго прызналі вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Пра гэтае паведамляе spring96.org. Рашэнне вынесла суддзя Таццяна Мотыль.
Вінярскі, гэтак сама як і Статкевіч, заклікаў прыходзіць 7 красавіка ў 12.00 каля Свята-Духава кафедральнага сабора на сталічнай плошчы Свабоды, каб правесці малебен у памяць нявінна забітых у Курапатах. Актывіста затрымалі прэвентыўна – яшчэ ўвечары 5 красавіка.
У дзень малебну на выхадзе з дому затрымалі і Мікалая Статкевіча. Сёння яго пакаралі 15 соднямі адміністратыўнага арышту.
Нагадаем, учора прайшлі суды над палітыкам Паўлам Севярынцам, актывісткамі Вольгай Нікалайчык і Нінай Багінскай. Севярынца пакаралі арыштам, а Нікалайчык і Багінскую аштрафавалі.
ІІ belsat.eu