Афіцыйна: як замежнікі могуць застацца ў Польшчы легальна падчас эпідэміі

Упраўленне па справах іншаземцаў апублікавала інфармацыю пра магчымасці працягнуць тэрмін дзеяння шэнгенскай візы або атрымаць дазвол на часовае пражыванне.

«Каб пазбегнуць нелегальнага перабывання, замежнікі, якія не могуць пакінуць тэрыторыю Польшчы, могуць падаць заявы на працягненне візы ці на дазвол на часовае пражыванне з прычыны акалічнасцяў, што вымагаюць кароткатэрміновага перабывання», – гаворыцца на сайце Упраўлення.

Заявы, што датычаць легалізацыі знаходжання, трэба кіраваць да адпаведных ваяводскіх упраўленняў па справах іншаземцаў.

Запоўненыя фармуляры належыць высылаць заказнымі лістамі праз Польскую Пошту або з дапамогаю іншага паштовага аператара.

Пры гэтым – абавязковая ўмова – ліст мусіць быць адпраўлены ў момант, калі віза або від на жыхарства яшчэ не пратэрмінаваныя. «Тады знаходжанне іншаземца [на тэрыторыі Польшчы. – Belsat.eu] падчас адміністратыўнай працэдуры будзе прызнанае легальным», – падкрэсліваюць ва Упраўленні па справах іншаземцаў.

Як падоўжыць шэнгенскую візу?

Паводле інфармацыі Упраўлення па справах іншаземцаў, замежнікі, што знаходзяцца ў Польшчы на падставе шэнгенскай візы, могуць працягнуць тэрмін яе дзеяння з прычыны форс-мажорных абставінаў.

https://belsat.eu/news/za-paugady-u-polshy-vid-na-zhyharstva-atrymali-3-tysyachy-belarusau/

Дзеянне шэнгенскай візы можа быць працягнутае таксама з гуманітарных прычынаў і ў выпадку прадстаўлення доказаў аб важкіх асабістых прычынах, якія абгрунтоўваюць такую патрэбу.

Працягненне тэрміну дзеяння шэнгенскай візы з гуманітарных прычынаў ці ў форс-мажорных абставінах – бясплатнае.

Мінімальны набор дакументаў патрэбны, каб распачаць працэдуру – гэта запоўнены фармуляр, фотаздымак і ксеракопія пашпарту.

Таксама можна складаць заявы, каб атрымаць дазвол на часовае перабыванне.

Ці эпідэмія COVID-19 – гэта форс-мажор?

Жанчына праходзіць тэмпературны кантроль на польска-нямецкай мяжы пасля таго, як польскі ўрад прыняў рашэнне закрыць свае межы для замежнікаў у якасці прафілактычнай меры супраць каронавірусу. Фота: ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum

Эпідэмія COVID-19 і абвешчаны ў сувязі з гэтым у Польшчы стан эпідэміялагічнай пагрозы могуць быць прызнаная як форс-мажорныя абставіны.

«Можна спакусіцца на асцярожнае сцверджанне, што ў святле цяперашняй дактрыны і выракаў судоў такая кваліфікацыя падаецца рэальнаю. Аднак абавязковым ёсць захаванне асцярожнасці. Гледзячы на падзеі выключна фармальна, паводле Распараджэння Міністра здароўя ад 13 сакавіка 2020 г., сёння ў краіне мы маем дачыненне з станам эпідэміялагічнай пагрозы, а не эпідэміяй», – піша польскае выданне «Rzeczpospolita».

МЛ, belsat.eu

Hавiны