Адзін з заснавальнікаў World of Tanks створыць палітычную партыю


Дырэктар па прадукту World of Tanks кампаніі Wargaming.net Вячаслаў Макараў мае намер стварыць у Расеі «Партыю прамой дэмакратыі», каб прыняць удзел у рэгіянальных выбарах 2020 года і затым у парламенцкіх 2021-га. Пра гэта піша газета «Коммерсант».

Устаноўчы з’езд запланаваны на 5 сакавіка.

У аргкамітэт акрамя Вячаслава Макарава ўвойдуць дырэктар Еўразійскага камунікацыйнага цэнтру Аляксей Пілько, намеснік начальніка юрыдычнай службы «Яндекс. Деньги» Барыс Чыгідзін, гендырэктар Unwired Devices Алег Артамонаў і былы прадзюсар «Живого журнала», саўладальнік кампаніі GR-Consulting Srl (Сан-Марына) Цімафей Шэвякоў.

Партыя плануе ўдзельнічаць у рэгіянальных выбарах 2020 года і выбарах у Дзярждуму 2021 года. Паводле Макарава, асаблівасцю партыі стане мабільнае прыкладанне, заснаванае на тэхналогіі Blockchain, праз якое будзе ажыццяўляцца галасаванне сябраў руху. На стварэнне электроннай платформы ён мае намер выдаткаваць $ 1 млн. Макараў адзначае, што ў партыю першапачаткова запросяць распрацоўнікаў вядучых рэгіянальных IT-кампаніяў. «У шмат якіх рэгіёнах IT-кампаніі зʼяўляюцца найбуйнейшымі падаткаплацельшчыкамі і добра ведаюць пра мясцовыя праблемы», – заявіў ён.

Сярод расейскіх экспертаў ужо выказваецца меркаванне, што новая партыя – гэта крамлёўскі праект з мэтай узяць пад кантроль пратэстныя настроі адукаванай моладзі ў буйных гарадах. Дырэктар па даследаванню фонда ІСЭПД Аляксандр Пажалаў кажа, што ў IT-бізнеса, які пагадзіўся фінансаваць гэты праект, можа быць разлік на «нейкія прэферэнцыі ад улады па будучым анлайн-праектам».

Цікава, што адным з заснавальнікаў новай партыі з’яўляецца Цімафей Шэвякоў – працаўнік прапуцінскага Фонду эфектыўнай палітыкі, сябра выканкаму «Адзінай Расеі», аўтар пракрэмлёўскага рэсурсу Politonline.

  • Распрацоўнікам і ўладальнікам гульні World of Tanks з’яўляецца беларуская IT-кампанія Wargaming.Net. Яна зарэгістраваная на Кіпры, там жа размешчанач яе штаб-кватэра. Офісы кампаніі знаходзяцца ў Расеі, Беларусі, Украіне, Германіі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Даніі, Фінляндыі і Аўстраліі. Уладальнік кампаніі – грамадзянін Беларусі Віктар Кіслы. 43-гадовы Кіслы займае трэцяе месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі, што рэгулярна складае «Ежедневник». У 2016 годзе агенцтва Bloomberg ацаніла Wargaming.net ў $ 1,5 млрд.
Hавiны
«Цяпер для прарыву патрэбна шмат грошай». IT-прадпрымальнік Аляксандр Лозбень пра майнінг, выбары і дэкрэт №8
2019.10.25 13:44

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў