Адзін год і восем месяцаў будоўлі. У Віцебску пасля рэканструкцыі адкрылі Полацкі шляхаправод


15 ліпеня ў Віцебску пасля рэканструкцыі адкрылі Полацкі шляхаправод. На цырымоніі прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка, але звычайных віцебчукоў на імпрэзу з удзелам кіраўніка краіны не запрасілі.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Рух па абноўленым Полацкім шляхаправодзе ў Віцебску ўзнавіўся 15 ліпеня. Папярэдне ўдзень адбылося афіцыйнае адкрыццё аб’екту з удзелам кіраўніка краіны. Праўдна, пра гэта жыхары гораду даведаліся ўжо па факце – калі паведамілі дзяржаўныя крыніцы. Для звычайных беларусаў адкрыццё развязкі адбылося ўжо ўвечары – ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці кіраўніцтва гораду па новым мосце пусцілі першыя трамваі.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Будоўля ў паскораным тэмпе

Першапачаткова планавалася, што працы па ўзвядзенні фактычна новай развязкі расцягнуцца на 4 гады, аднак у выніку будаўнікі справіліся значна хутчэй – роўна за 20 месяцаў. Кошт рэканструкцыі – Br 82 млн. Даўжыня новай развязкі – 412 метраў, максімальная шырыня – 45 метраў. Сучасны шляхаправод мае чатыры паласы руху, пасярэдзіне – трамвайныя шляхі. Канструкцыя злучае вуліцу Касманаўтаў з вуліцамі Цітова і Ленінградскай – то бок чыгуначны вакзал і цэнтр гораду з заходнімі раёнамі.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Кіроўцы задаволеныя, пешаходам пашанцавала менш

Усе 20 месяцаў, пакуль ішла рэканструкцыя Полацкага шляхаправоду ў Віцебску, асноўны транспартны паток заходняй часткі гораду быў скіраваны праз суседні мост Металістаў, які мае шырыню ўсяго 14 метраў. У выніку ў гэтым месцы штодня ўтвараліся вялізныя заторы. Цяпер жа кіроўцы і пасажыры грамадскага транспарту змогуць прасцей і, галоўнае, хутчэй дабірацца да іншых раёнаў гораду.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

А вось пешаходам з развязкай пашанцавала значна менш: дарога праз абноўлены шляхаправод для іх падоўжылася і зрабілася больш складанай. Каб перабрацца з боку вуліцаў Цітова і Ленінградскай, пешаходам цяпер давядзецца праходзіць дадатковыя сотні метраў. У некаторых месцах ходнікі ўвогуле могуць завесці пешахода ў тупік, калі не звярнуць увагу на знакі.

З беларускімі матывамі

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Будаўніцтва новага шляхаправоду істотна змяніла выгляд гэтай часткі гораду. Акрамя выканання асноўных працаў, былі добраўпарадкаваныя і прылеглыя да развязкі вуліцы: усталявалі сучасныя прыпынкі грамадскага транспарту, высадзілі клумбы і азелянілі тэрыторыю. Асобная цікавостка – выкарыстанне нацыянальнай сімволікі: поручні на мосце ўпрыгожаныя ўстаўкамі з беларускім арнаментам, такія ж узоры – на тарцавых сценах прылеглых дамоў, па краях шляхаправоду ўсталяваныя гранітныя тумбы з выявамі гербу Віцебску.

 

Не абышлося і без культурных стратаў: пры будаўніцтве развязкі былі знішчаныя некалькі дарэвалюцыйных будынкаў у пачатку вуліцы Цітова.

Не вярнулася частка трамваяў

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Пасля рэканструкцыі на Полацкі шляхаправод у Віцебску вяртаецца грамадскі транспарт, у тым ліку і трамвай – найстарэйшы ў краіне. Цяпер гэты экалагічны від транспарту будзе хадзіць па адмысловых бясшумных шляхах – навінка для гораду. Праўда колькасць трамвайных маршрутаў скарацілася на чвэрць: па адноўленым мосце паедуць трамваі №6, №8 і №9, а трамвайны маршрут №4 ліквідаваны.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

Стары мост на гэтым месцы быў пабудаваны яшчэ ў 1958 годзе і даўно патрабаваў рэканструкцыі. Першая спроба аднаўлення адбылася ў 2012 годзе, але неўзабаве ў гарадскім бюджэце скончыліся сродкі, працы прыпыніліся.

Фота: Віктар Старавойтаў / Belsat.eu

У кастрычніку 2018 года пракуратура прызнала мост аварыйным, але рух па ім спынілі толькі 15 лістапада 2018 года, тады ж і аднавілася рэканструкцыя.

Віктар Старавойтаў Belsat.eu

Стужка навінаў