Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк змешчаны на каранцін як кантакт 1-га ўзроўню. Пра гэта ён распавёў belsat.eu.
Аляксандр Мілюк – жыхар Мастоў. Ён з’яўляецца каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па 6-ці раёнах – у тым ліку Слонімскаму, Іўеўскаму і Мастоўскаму. Аляксандр сцвярджае, што ў яго зʼявіліся праблемы пасля пікету па збору подпісаў у Ваўкавыску, які адбыўся 6 чэрвеня. Ужо праз два дні яго прызналі кантактам 1-га ўзроўню.
«Міліцыя, санстанцыя, хуткая – ўсе былі задзейнічаныя. У панядзелак яны прыехала. Я кажу: адкуль у вас інфармацыя пра тое, што я кантакт 1-га ўзроўню? Нічога мне не паказалі, спасылаліся на галоўнага лекара санстанцыі. Чалавеку, які быццам бы захварэў на каронавірус, за содні зрабілі аналіз», – распавёў актывіст belsat.eu.
Мілюк быў вымушаны падпісаць пасведчанне аб самаізаляцыі. Гэта стандартны дакумент, які падпісваюць усе інфікаваныя каронавірусам, а таксама кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў. Парушэнне ўмоваў самаізаляцыі можа карацца адміністратыўнай і нават крымінальнай адказнасцю (у выпадку, калі гэта прывядзе да цяжкіх наступстваў).
Такім чынам Аляксандр пазбавіўся магчымасці збіраць подпісы за Святлану Ціханоўскую. Ён лічыць, што яго памясцілі на каранцін неабгрунтавана і звязана гэта выключна з ягонай дзейнасцю падчас выбарчай кампаніі. «Больш у мяне няма тлумачэнняў. Я цяпер дома і не ведаю, што са мной будзе. Я не адчуваю сябе ў бяспецы», – дадаў ён.
Адзначым, што Аляксандра Мілюк 31 траўня затрымлівала міліцыя.
ІІ belsat.eu