Новым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта прызначаны Ігар Сергяенка, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі стала Вольга Чупрыс, паведамляе БелТА.
Паводле рашэння кіраўніка краіны Наталля Качанава больш не працуе кіраўніком Адміністрацыі. Лукашэнка накіраваў яе ў Савет Рэспублікі, паколькі мае права на прызначэнне 8-мі чальцоў у верхняй палаце парламенту. Намеснік Качанавай Валерый Міцкевіч абраны ў склад Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.
Падчас прызначэння: Новы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і намесніца кіраўніка Адміністрацыі Вольга Чупрыс. Фота БелТА
- Ігар Сергяенка нарадзіўся 14 студзеня 1963 году ў вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёну Віцебскай вобласці. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, а таксама Акадэмію кіравання. Генерал-маёр КДБ. У мінулым узначальваў упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, да апошняга часу працаваў першым намеснікам старшыні КДБ.
- Да лютага 2016 года на Сергяенка распаўсюджваліся санкцыі Еўразвязу. У чорным спісе ЕЗ ён фігураваў пад нумарам 190.
- Вольга Чупрыс нарадзілася ў 1969 годзе. З 1997 года працавала ў БДУ на розных пасадах. З 2018 года – прарэктар БДУ па вучэбнай працы і адукацыйных інавацыях. У 2010 годзе абараніла доктарскую дысертацыю. У 2016 годзе прысвоена вучонае званне прафесара.
- З’яўляецца членам навукова-кансультатыўных саветаў пры Міністэрстве юстыцыі, Вярхоўным судзе, Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Удзельнічала ў распрацоўцы Канцэпцыі праекту Кодэкса аб дзяржаўным кіраванні і мясцовым самакіраванні, праекту Канцэпцыі Кодэкса аб адукацыі, праектаў законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у КаАП і ПВКаАП, заканадаўчага акту па пытаннях дзяржаўнай службы.